Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/203

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У бубны дахаў вецер бье,
Грыміць па ім, зьвініць, пяе,
Ўскіпела сьнежнае віно
І белай пенай мкне яно.
У бубны дахаў вецер бье,
Грыміць па ім, зьвініць, пяе.
Па вулках вее дзікі хмель,
Гудзіць спьянелая мяцель.
У бубны дахаў вецер бье,
Грыміць па ім, зьвініць, пяе.(167)

Тут самыя гукі і рытм перадаюць тэмп завірухі. Гэты прыём музыкальнай лірыкі набліжае нашага паэту да Вэрлена, Вэрхарна і, асабліва да Бальмонта, які надта часта ўжывае ў вершах сродкі музыкі.

З другога боку, шмат вершаў Багдановіча вызначаецца такой плястычнасьцю і конкрэтнасьцю вобразаў, якая радніць іх з малярствам.

Туман, падымаючыся над возерам, гэта ня туман, а срэбраныя сеці, якія цягне ў вышыню "белы заплаканы" месяц, і ў якіх русалкі заблуталі сваі косы (122). Дождж – гэта павуціна, якую снуюць павукі, што жывуць у хмарах (136), і самая хмара фантазіяй поэта ўвасабляецца ў вобразе панурай вялізнай жывёлы, якая марудна па шыры неба праплывае ў дом. Маланка – гэта агністы меч, гром – удары гэтага мяча па жывёле, а дождж ня што іншае, як халодныя бічы крыві, сьцякаючыя ўніз.(125)

Ня цяжка заўважыць, што гэтыя і падобныя да іх вершы М. Багдановіча ў аснове сваёй прадстаўляюць міфы. Гэты дар міфатворчасьці ў некаторых адносінах нагадвае прыём Віктара Гюго, якога цытуе ў адным эпіграфе наш поэта, і пра якога Лянсон кажа: "Міт ёсьць істотная форма яго розуму... Кожнае адчуваньне імкнецца ў яго зрабіцца сымболем, кожны сымболь ― разгарнуцца ў міт".[1]

Нарэшце па самому складу сваёй думкі, па сваёй філёзофіі М. Багдановіч зьяўляецца тыповым прадстаўніком імпрэсыянізму. Як вядома, кожны літаратурны кірунак мае сваёй падставай тую ці іншую філёзофскую сыстэму, бяручы ў сваю аснову яе тэзісы і галоўныя мэтоды. Францускі клясыцызм зьвязан, напрыклад, з філёзофіяй Дэкарта, вялікія сыстэмы Шэлінга і Фіхтэ стварылі сабою філёзофскі

  1. Histoire de la littérature française, Paris 1909, p. 1055.