Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/191

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

пэйзаж уводзіць нас у нейкі свой асобны сьвет, дзе рачаіснасьць і вымысел, сапраўднасьць і поэзія сплятаюцца ў адзінае цэлае. Мы сапраўды аказваемся ў нейкім "зачараваным царстве", як называе сам поэта нізку вершаў, прысьвечаных пераважна прыродзе.

Але побач з такой чыста эстэтычнай плыньню ў поэзіі Багдановіча выяўляецца і другая плынь—плынь грамадзкіх настрояў. Беларускі пясьняр ня толькі філёзоф і эстэт, які аддаецца мэтафізычным развагам і пяшчотным эмоцыям хараства, адначасна ён і поэта-грамадзянін. З гэтых грамадзкіх настрояў вынікаюць у яго тэмы нацыянальныя і соцыяльныя. Беларусь дарэволюцыйнага часу ў сваёй жалобнай вопратцы смутку і гора ярка прадстае перад намі ў некаторых творах Багдановіча. Яму належыць, напр., вядомы вобраз беларускай вёскі, які адбівае суровую перадрэволюцыйную рачаіснасьць:

Поруч раскідалісь родныя вёскі,
Жалем сьціскаюцца грудзі.
Бедныя хаткі, таполі, бярозкі,
Усюды панурыя людзі...
Шмат што зрабілі іх чорныя рукі;
Вынесьлі моцныя сьпіны;
Шмат іх прымусілі выцерпець мукі
Пушчы, разлогі, нізіны...
Сьціснула гора дыханьне ў народзе,
Гора усюды пануе.
Хваляй шырокай разьлілась, як мора,
Родны наш край затапіла.

Гора народнае, якое затапляла нівы роднага краю ў дарэволюцыйныя часы, абмалёўваецца ў творах Багдановіча ў падвойным аспэкце, як гора нацыянальнага заняпаду і coцыяльнага ўціску. Поэта сумуе над нацыянальным гібеньнем роднага народу, і, зьвяртаючыся да яго, кажа:

Народ, беларускі народ!
Ты—цёмны, сьляпы, быццам крот.
Табою ўсягды пагарджалі,
Цябе ня пушчалі з ярма
І душу тваю абакралі,
І ёй нават мовы няма... (56)