— Нашы шэйгецы-бязбожнікі лічаць сябе вельмі разумнымі. Яны і пасціць не будуць.
— Нашы дзеці пакідаюць веру патрыярхаў Авраама, Ісаака і Якава.
Разнік Сімха-Аба гаворыць гэта ўрачыстым голасам, каб заглушыць свайго нутранога злога духа, які тут-жа шэпча яму на вуха грэшныя словы: „Малітва і пост дапамогуць, як рыцына нябожчыку“. Чарвячок сумнення пачаў яго грызці з тых часоў, калі прысутнічаў аднойчы на могілках пры ўскрыцці доктарам забітага сялянамі злога лясніка пана Манілоўскага. Сімха-Аба з вялікай цікавасцю прыглядаўся тады да „таямніц“ чалавечага жывата, ускрытага хірургічным нажом. Разнік пабачыў, што вантробы чалавека вельмі падобны да вантроб жывёлы, у якіх яму часта прыходзіцца поркацца нажом, каб выяўляць кашэрнасць. Гэтае падабенства зводзіць яго з божаскіх сцяжын. Ён пачынае сумнявацца ў існаванні душы. Яго вера крышыцца, як лёд.
Маці Левіна кладзе ўвесь хлеб у шафу, замыкае дзверцы і хавае ключ.
— Нікому есці сёння не дам. Усе павінны пасціць.
Марудна, як слімакі, плывуць гадзіны. Злуецца Левін. Сёстры і браты шукаюць ключ ад шафы па розных кутках хаты — спачатку жартаўліва, а пасля з нецярплівасцю і злосцю галодных людзей.