Перайсці да зместу

Старонка:Набліжэнне (1935).pdf/154

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ноцтва. Спацыруе далёка на тым баку возера і не ведае дзе дзецца ад нуды.

Справа была так.

Маці Іры — дробная крамнічыха — запрашае яго раніцой на гутарку. Якраз у крамцы нікога няма. Высокая, худая, як таран, кабеціна, з жаласлівымі карымі вачыма, падае Левіну табурэтку, пры гэтым выцірае яе сваім замасленым фартухом, хрыплым голасам просіць сесці ды адразу пачынае хвалявацца:

— Левін, я ад вас не спадзявалася…

— Чаго не спадзяваліся?

Ён робіць невінаваты выгляд і міжволі ўцягвае носам пах газы з селядцамі. Крамнічыха ківае галавою.

— Ай-ай, так і не знаеце! Усё мястэчка гаворыць, што вы маю Ірачку зводзіце.

— Як гэта зводжу?

— Не прыкідвайцеся і не чапайце яе. Яна-ж яшчэ дзіцё. Усяго шаснаццаць год. Думаеце, на мае сродкі вучылася? Яшчэ да таго, як пакралі тавары з маёй крамы, я не мела на гэта сродкаў. Сястра памагала. Хацелася мне, каб хоць дачка была чалавекам, каб хоць яна не прапахла наскрозь газай і селядцамі.

Крамнічыха гучна смаркаецца, выцірае нос хустачкай, пасля чаго трэ гэтай хустачкай пачырванелыя вочы і глядзіць на Левіна, як на такога, што спрабаваў усе грахі зямлі.

— Я не разумею, чаго ад мяне хочаце?