Навальніца вайны абавязкова скончыцца рэволюцыяй. Яна выбухне так, аж зямля задрыжыць, куды мацней, чым ад цяперашняй вайны. Ты гаварыў з сялянамі? Заўважыў, як яны ловяць наляту рэволюцыйныя слоўцы і смелыя думкі? Якраз як у тысячу дзевяцьсот пятым годзе. Кожнае наша слова, кожная пракламацыя цяпер — порах на агонь.
Пасля вячэры яны ідуць на сена. Гутараць ледзь не ўсю ноч. У гэтым глухім кутку сялянская бедната напружана чакае паратунку. Вось гэтымі днямі яны, Шагал і Тарас паедуць у Петраград. Няма чаго доўга тут засіджвацца. Там шмат працы, на заводах забастоўкі. Рабочая моладзь нічога не баіцца. У Тараса ёсць адрасы некаторых смаргонскіх рабочых, што жывуць цяпер там. Умаўляюцца, што прыдзе ў Каганцы Тарас, і яны забяруць рэчы Шагала да тарасавага брата, тут на хутарах наймуць фурманку і дабяруцца да Менска. З Каганцоў было-б бліжэй і зручней ехаць, але не варта рабіць лішняга шуму.
Возера — як неба, неба — як возера: мутны колер волава. Па непрытульных палях спушчаны з ланцугоў вятры/ Часам сцёбаюць пачарнелае іржышча касыя дажджы, часам праясняецца неба і на дзень, на два сонца зноў па-летняму свеціць. Не гледзячы ні на якія трывогі аб набліжэнні фронта, ідзе сяўба жыта.
Сёння Левін спраўляе ўрачыстую жальбу адзі-