Перайсці да зместу

Старонка:Набліжэнне (1935).pdf/145

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вялікія піраміды сакавітай садавіны. На саломе ў адным з лепшых куткоў быў маленькі алькерык белавалосай Маўры: падушка, коўдра, вопратка, пасудзіны. Часта тут у карты забаўляліся, кніжкі чыталі або на балалайцы брынкалі песню пра гімназістку, якой апрыкрыла арыфметыка і граматыка. Усе навакол гралі на балалайцы гэту песню. Цяпер сумна ў парадзелым і абрабаваным садзе.

Левін і Іра часта бачаць у гэтым садзе з кніжкай у руках аднаго з „зайцоў“ — Шагала — швагра Кантаровіча. Ён чамусьці хавае ад іх заўсёды свае кніжкі. І нейк да „зайца“ не падобны.

Цяпер Левін нямала ведае пра Шагала. Ведае з сялянскіх гутарак. Тое абурэнне аб вайне, якое раней вылівалася ў іх у нязвязныя і туманістыя словы, набывае цяпер лагічную стройнасць. Левін адчувае Шагала ў кожным слове сялян. Гэта ён, Шагал, уносіць у іх думкі яснасць і логіку. Як гэта яму ўдаецца? Ніколі, здаецца, Левін не бачыць Шагала з сялянамі…

І Левін зайздросціць Шагалу:

— Чаму гэта ён умее, а я не ўмею?.. Вось табе і „заяц“!.. А каб хоць адзін з сялян яго прозвішча ўспомніў… Ніхто…

Калі Левін успомніць Шагала пры маленькім Гарасіме ці пры кульгавым Макару, дык тыя толькі апасліва і недаверліва на яго зірнуць ды нічога не кажуць.

Левіну крыўдна.