могуць і ў Менску жыць. Сакалоўскі з Кантаровічам могуць і там займацца скупліваннем жывёлы для арміі. Але як нашаму брату пакідаць насіджаныя гнёзды? У Менску з голаду памрэм. Тут мы гаспадары, а як толькі кранемся з месца, то назаўтра мы жабракі. Мы-ж да Каганцоў пупамі прыраслі.
На гэта стары кніжнік Лейба Кантаровіч кажа так:
— Кожнае чалавечае становішча мае сваё святло і свой цень. Багаты радуецца свайму багаццю, але колькі ў яго клапот, каб гэтае багацце захоўваць. Затое беднаму чалавеку добра ў тым сэнсе, што ён нічым не рызыкуе. Ён нічога не баіцца і не мае чаго шкадаваць.
Каганецкія праклінаюць мястэчка самымі страшнымі праклёнамі. Праклінаюць і непакояцца:
— Каб хаця мястэчка цэлым засталося. Каб хаця не дайшла да нас гэта навальніца. Каб хаця…
Бацькі Маўры з небывалай паспешнасцю вывозяць яблыкі з саду. Пакуюць антонаўку — і дамоў да сябе. Левін з Ірай гуляюць у спустошаным садзе. Па начах адгэтуль так добра чуваць грукат гармат, а на небе ў вогненым зарыве яны чытаюць строгае папярэджанне сваім забаўкам:
„Мэнэ, тэкел, уфарсім“ — злічана, узважана і заплачана…
Сад страціў свой ранейшы прытул. Вялізная будка пад старымі яблынямі цяпер пустая. А раней была такой прытульнай і вабнай. Тут ляжалі