ласа з мільярдамі драбнюткіх пылінак. Ля сцяны пад рэшатам кешкаецца на сене і кудахча курыца. У самым цёмным кутку сенцаў рыжы Антось круціць жорны. Часам бярэ шчапотку мукі двума пальцамі, трэ, прабуе на язык і зноў за працу. Галава ледзь схілена на бок, як у некаторых гарманістаў; сам ён стаіць з растапыранымі нагамі, крыху прыгнуўшыся, нібы працуе пілой.
Глухі гуд выплывае з цёмных сянец на сонечны двор дробнымі крошкамі, працэджваецца ў воддалі аднастайным галаском, падобным да румзання старога кніжніка Лейбы Кантаровіча пры чытанні бібліі.
Спыніць рыжы Антось працу на хвіліну, скруціць папяросу, блісне ўспыхам запалкі ды зноў за жорны.
— Ах ты! Як добра так…
А каб было яшчэ лепш, скідае шапку і сцягвае салдацкую рубашку з такімі рухамі, быццам зараз возьмецца з праціўнікам на кулакі. Ад яго валасатых грудзей ідзе пара.
— Пілой ямчэй было-б… Каб Агатка была дужэйшая, ды каб шмат дроў.
Гудуць жорны тысячагадовым гудам. Напружвае рыжы Антось усе свае сілы. Твар чырвоны ад натугі, і рой пчол запаўняе вушы несупынным глухім гулам. На парозе стаіць Агатка.
— Татка, есці ідзі…
Падбягае бліжэй і глядзіць зачараваная на аднастайныя рухі яго спацелага тулава.