Старонка:М. Багдановіч як гісторык Беларускага адраджэньня.pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

васьць Купалы. Яго буйныя, поўныя імпэту рытмы захопліваюць, гіпнатызуюць чытача, не даюць яму затры­мацца, адумацца, пакараюць яго сва­ёй уладзе. Янка Купала ня толькі «Божыей міласьцю паэта», але так сама умелы майстар свайго дзела, пашы­раючы круг сваіх тэмаў, формаў і сьцілей. У творчасьці другога выдатнага паэты— Якуба Коласа— «толькі кахань­ня да роднае краіны, толькі прыродна­га ціхага лірызму, што робіцца зусім зразумелаю папулярнасьць Коласа ся­род беларускіх пісьменікаў: «Колас»— пісьменнік просты, спакойны і заўсёды сабе роўны. Няма ў яго чаго колечы асабліва моцнага, яскравага, неспадзя­ванага, але няма й слабога, нікчэмнага. Верш яго ня блішчыць значнымі вартасьцямі, але заўсёда старанна абдуманы, умела апрацаваны!..

Янка Купала й Якуб Колас зьяў­ляюцца прадстаўнікамі старшага пакаленьня беларускіх паэтаў. Малодшае пакаленьне апошніх, сярод якіх пер­шае месца займае Алесь Гарун, прад­стаўлена мнагалічбавай групаю паэтаў, тэмы паэзыі якіх прадыктаваны акру­жаючым жыцьцём. Такі самы рух трэ­ба адзначыць і ў прыгожай белетрыстыцы, сярод якой Ядвігін Ш., Т. Гу­шча, 3. Бядуля займаюць першае ме­сца. Беларускія пісьменнікі, паэты й празаікі галоўныя дзеячы беларускага нацыянальна-культурнага руху. «Толь­кі дзякуючы іх вытрываласьці й ад­даньню усіх «сілаў, піша ў заключэньні М. Багдановіч,» беларускі рух, знай­шоўшы цяпер цьвёрдую апору ў шы­рокіх кадрах народнае інтэлігенцыі, вытрымаў увесь цяжар першых гадоў свайго існаваньня, прыдбаў свой ця­перашні ідэёвы воблік і невялікімі, але глыбокімі, нясьціраючыміся літарамі выразаў свае імя на скрыжалях міравога прагрэсу.»

Гэтак прадстаўляецца М. Багда­новічу гісторыя Беларускага Адраджэньня. Нельга не згадзіцца з тым, што асноўныя вехі гэтага працэ­су прадстаўлены правільна, і будучаму гісторыку прыдзецца з імі лічацца. Конечна асобныя палажэньні й сужджэньні аўтара даволі суб’ектыўны й выклікаюць нязгоду, але агульны на­рыс беларускага нацыянальна-культур­нага адраджэньня прадстаўлены нябошчыкам беларускім дзеячем зусім вы­разна. Яго артыкулы былі напісаны для ўсіх сумняваўшыхся ў мэце й жыцьцёвасьці Беларускага нацыяналь­на-культурнага руху. Шчырая абарона М. Багдановічам беларускай культуры апраўдана сучасным жыцьцём і істнаваньнем нацыянальнай беларускае культуры.

Проф. Ўл. Пічэта.