Старонка:Места Менск у канцы XV і пачатку XVI ст.pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Падводная павіннасьць натураю была досыць цяжкаю для места і пасьля выданьня прывілею, асабліва па тэй прычыне, што насельніцтва Менска, якое не падлягала Майдэборскаму праву, як царкоўнае, касьцельнае і манастырскае, было зусім звольнена ад падводнай павіннасьці, а насельніцтва, якое жыло на землях княскіх, панскіх і шляхецкіх, імкнулася ўхіліцца ад яе.

Падводная павіннасьць спачатку адбывалася, трэба думаць, натураю, а ў другой палове XVI ст. была пераведзена на грошы. На Менск у годы 1572—1590 прыходзілася падводных грошай 11 коп 30 грошай штогодна[1]. У параўнаньні з іншымі местамі гэта была нязначная сума, бо Ваўкавыск плаціў штогод ״падводных пенезей“ у тыя-ж часы 34 капы грошай.

Прывілеем таксама вызваляюцца мяшчане і ад старожы, якую яны павінны цяпер даваць толькі на дзяржаўныя патрэбы.

Прывілеем устанаўліваецца агульны падатак з места ў разьмеру 60 коп грошай на год. Да гэтага часу насельніцтва Менску плаціла розныя катэгорыі падаткаў, а цяпер гэта замяняецца агульным платам з усяго места. З іншых падаткаў Менск плаціць, як і ўсе месты, сярэбшчыну: "коли положим серебщину нашу великую и малую по всим городом нашым и местом и волостем в нашом панстве, великом князстве, то тое нашо место маеть нам серебщыну давати так, как и иные нашы месты без кождое вымовы“. Сярэбшчына была агульным дзяржаўным падаткам, які накладаўся па ўхвалах вялікага вальнага сойму і прызначаўся звычайна на вайсковыя патрэбы. Сярэбшчына бралася ў сельскіх мясцовасьцях са службы, а з правядзеньнем валочнай памеры, 3 валокі (валока раўнялася прыблізна 20 дзесяцінам); ў местах, ў залежнасьці ад велічыні места. На Менск ў 1513 г., як вышэй бачылі, было прызначана 10 коп грошай.

Апрача гэтага, Менск плаціў яшчэ ״цынш корчемный״, гэта значыць падатак за права вырабу і прадажы гарэлкі і піва. Гэты падатак застаўся за местам "подле давного обычая״.

Самай значнай павіннасьцю была земская служба, або вайсковая павіннасьць. Места павінна было выстаўляць вызначаны вялікім вальным соймам лік вайсковай сілы, што, як мы ўжо бачылі, у 1513 г. складала 10 коняй.

Звольніўшы Менск ад часткі павіннасьцяй і вызначыўшы яго падаткі, якія ён павінен быў плаціць, прывілей пералічае цэлы шэраг экономічных выгад і даходных крыніц, якія даюцца месту і яго ўраду.

Менск займаў выгоднае палажэньне ў гандлёвых адносінах, бо ён ляжаў на шляху паміж Заходняй Эўропай і Маскоўскай дзяржавай.

Было вельмі важна для далейшага ўзросту Менску забясьпечыць яго ад гандляроў іншых мест, якія праездам маглі запоўніць рынак прывознымі таварамі і, такім чынам, пазбавіць прыбыткаў ад гандлю мескіх гандляроў. Прывілей зьвярнуў на гэта вялікую ўвагу і вызначыў ня толькі тое, што госьці маюць права прадаваць і купляць толькі оптам, але і падрабязна пералічыў, якою мераю яны маюць права карыстацца ў гандлёвых зносінах з мясцовым насельніцтвам. Выключэньне было толькі для віленцаў, якія маглі гандляваць у раздроб. Разам з гэтым прывілей рашуча забараніў гандляром весьці гандаль па вёсках. Усе тавары яны павінны былі прадаваць і набываць толькі ў месьце. ״Теж кроме Вилиевцев ни один купец иного места не будеть моцы мети иноко куповати и продавати, только под тою мерою, в том листе на долу выписаною: найпервей воски—штукою, або по полуберковес-

  1. Мэтрыка Літоўская, кніга судных спраў 63, карта 561.