Старонка:Места Вільня ў першай палове XVI сталецьця.pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

абслугоўваць жыхарства, да і сам ён ня меў фактычна ваеннага значэньня ў гэты час. Пытаньне аб умацаваньні Вільні паднялі войт і мяшча­не места Віленскага, просячы ў 1505 годзе, каб гаспадар вялікі князь дазволіў ім, замест вайсковае службы, мураваць сьцяну навокал места („хто можеть муром, тот-бы свою делницу замуравал, а хто на тот час неможеть замуровати делницы свае, тот бы порканом порканил"), з прычыны таго, "што ж тое место виленское не затвореное и если-бы на службу поехали, тогды, его боже вховай, што-бы тому месту нашому какое шкоды од поганства не было". Гаспадар здаволіў просьбу мяшчан, звольніў места на год ад вайсковае павіннасьці і ад усялякіх іншых падаткаў і загадаў будаваць сьцяну. Ніхто—ні паны, ні духавенства, ні шляхта, ні мяшчане—не маглі быць зволены ад гэтага аба­вязку: „а которые князи и панове и земяне и кононицы и иные косьтельного вряду люди так закону римского а греческого хотели бы до­мы мети в муру, в стене, тогды маеть каждый з них свою делницу стены замуровати, або запарканити, а если бы не хотели, тогды ка­зали есмо пану воеводе виленскому в их домы мещан увязывати, а им отмену за местом давати, а мещанин который тот дом возметь, тот и делницу его замуруеть". У сьцяне было пяць брам: „первая брона (брама) за пана старостиным дворам (Віленская) к Вели (да ракі Вяльлі), другая подле маткі божее к Трокам (Троцкая), третяя подле святое троици (Траецкая, а можа - Вострабрамская), четвертая подле святого спаса (Спаская), а пятая в город (Замковая)". Апроч проэктуемых брам фактычна былі і іншыя: Рудніцкая, Татарская, Субач. Для старожы гэтых брам мескі ўрад павінен быў мець спэцыяльную варту, на ўтрыманьне якой быў прызначаны спэцыяльны падатак: "которыи люди чииколве будуть повезут доместа пшеницу гречку овес муку и иные речи стравные штоколве будет и дрова и сено, стых со всих велели есмо им скаждого воза по пенезю брати и за то сторожу в тых брон мети, а естли которые люди невсхотят пенязей брати, тые нехай покяменю везут“.[1]

Сьцяна была скончана у 1522 годзе і абкружала места ад Спаскае брамы да Бакшты, ад Бакшты да Сьвятадухаўскага манастыра, да Медніцкае брамы, Чортавае брамы, пасьля—Завальнай вуліцай, Жамойц­кім завулкам да Троцкай брамы, пасьля далей—часткаю Завальнай вуліцай да Віленскай брамы; ад Віленскае брамы—Татарскай вуліцай да ніжняга замку. З боку ракі Вялейкі сьцяна ад Спаскае брамы ішла па рацэ, уніз па яе плыні, да Бэрнардынскага саду[2]. Такім чынам, сучасны цэнтр Вільні быў абнесены сьцяною ўжо ў пачатку XVI ста­лецьця, але заселена была Вільня ня толькі ў цэнтры, у межах сьцяны, але і па-за сьценамі. Прадмесьці Вільні—Зарэчча, Лукішкі, Сьняпішкі, Роса. Рыбакі—былі значна і густа заселены ўжо ў першай палове XVI сталецьця.

Будынкі ў пачатку XVI сталецьця былі пераважна драўляныя і стаялі ў беспарадку. Пажары 1513 і 1530 гадоў, якія зьнішчылі амаль што палову гораду, прымусілі будаваць камяніцы і захоўваць некаторы парадак. Вялікая вуліца, Нямецкая, Біскупская (у часы расійскае імпэрыі—Дварцовая) пакрываюцца значнымі камяніцамі і панскімі палацамі, дах якіх зроблены з чарапіцы і гонты. Для зада­валеньня патрэб у будаўнічых матар'ялах, як цэгла, вапна, шкло і іншыя, закладаюцца цагельні, гуты. У 1535 годзе места адкупіла плитницу“ (цагельню) на Сьняпішках у біскупа Яна за паўтараста

  1. Собрание древних грамот Вильны и др., №11
  2. Ю. Крачковскнй. Ор. сіt., стар. 62.