Старонка:Места Вільня ў першай палове XVI сталецьця.pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Тое, што пляцы і дамы захапілі ў месьце паны духоўнага і сьвецкага стану, мела сваім вынікам ня толькі пасяленьне гэтых паноў у ме­жах места Вільні. На сваіх вольных пляцох паны і духавенства даз­валялі сяліцца розным асобам, якія не належалі да панскага і шля­хоцкага стану; асабліва паны шукалі рамесьнікаў дзеля пасяленьня на сваіх пляцох. На панскіх і царкоўных землях ахвотна сяліліся як віленскія мяшчане, гэтак і мяшчане, якія прыходзілі з іншых гарадоў, з тае прычыны, што яны аслабаняліся часта ад выплаты падаткаў і ад павіннасьцяў якія ішлі на ратушу, а разам з тым аслабаняліся ад улады і прысуду мескага. Духавенства і паны ахвотна дазвалялі сяліцца на сваіх пляцох, бо яны бралі з пасяліўшыхся мяшчан падаткі, і гэтым павялічвалі свае прыбыткі. Такое зьявішча закранала інта­рэсы віленскіх мяшчан усяго места, а разам з тым і дзяржаўнага скарбу, бо „в том нам шкода и платы нашые гинуць. Про то-ж... абы ни жадин мещанин не продавал домов своих никоторому князю, ни пану, ни боярам". Такім чынам, паводле просьбы віленскага войта і мяшчан, гаспадарскі ўрад павінен быў забясьпечыць і свае інтарэсы, а разам з гэтым, і інтарэсы места, забараніўшы князём, паном і баярам-шляхце без дазволу ўраду купляць дамы і пляцы ў месьце Вільні. Забарона, аднак, мала пашкодзіла пашырэньню маемасьцяй духавен­ства і паноў, бо гаспадар рабіў часта выключэньне паводле пэрсональ­ных просьбаў як паноў, гэтак і духавенства. Такая політыка гаспадар­скага ўраду давяла да таго, што ў пачатку XVI сталецьця ў Вільні ўтвараюцца тры розныя ўрады, або, як іх завуць, юрыздыкі: біскуп­ская, меская, або майдэборская і замковая, або гродзкая. На чале першае юрыздыкі стаяў каталіцкі біскуп, на чале мескае—войт з бурміст­рамі, а на чале замковае—ваявода[1]. Ужо у XVI сталецьці ўтвараецца і чацьвёртая юрыздыка—мітрапалічая, з праваслаўным мітрапалітам на чале. У 1569 годзе прывілей Жыгімонта-Аўгуста загадаў, каб войт і мяшчане „в оные люди в месте Виленском, на грунте его митрополем посажоные, ничимсе не ступовали, в послушенство и в присуд свой меский не прыворочали, платов и подачек жадных з них собе и на ра­туш не брали и не привлашали и тым мешчаном его в тым покой. Нехай он (мітрапаліт) або намесьник его... тых мешчан своих во владности и в присуде своем маеть“.[2]

Пасьля таго, як утварылася вуніцкая царква ў Вільні, зьяўляецца ўжо ў XVII сталецьці юрыздыка мітрапаліта вуніцкяга.

Такая рознастайнасьць улады і падсуднасьці была прычынай частых спрэчак і судовых процэсаў паміж грамадзянствам розных юрыздык і перашкаджала нармальнаму разьвіцьцю места. Асабліва гэтае зьявішча балюча адбілася на месьце Вільні ў XVII сталецьці, у часы экономічнага заняпаду. У першай палове XVI сталецьця юрыздыкі толькі аформляліся і складаліся, падобна да таго, як складаліся ўзаемаадносіны паміж станамі грамадзянства ўсяе Літоўска-Беларускае дзяржавы.

Палажэньне Вільні у цэнтры дзяржавы забясьпечвала месту спа­койнае жыцьцё і было прычынай таго, што віленскі ўрад не асабліва дбаў аб сваёй абароне. Так было ў XV сталецьці, пачынаючы з дзесятых і да дзевяцьдзесятых гадоў. Але ў канцы сталецьця вайна з Мас­квой, якой дапамагалі крымскія татары, паставіла пытаньне аб умацаваньні Вільні належнымі мурамі і парканамі, бо замак ужо ня мог

  1. Wilno od poczatkow jego do roku 1750. Przez J. Kraszewskiego. T. III. Wilno 1841, ст. 189
  2. Археографический сборник документов, относящихся к истории северо-западной Руси, издаваемый при Управлении Виленского Учебного Округа. Т. VI Вильна. 1869, ст.37.