Старонка:Места Вільня ў першай палове XVI сталецьця.pdf/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ня былі ў гэты час такімі сталымі і часта перапыняліся. Прыяжджалі у Вільню і польскія гандляры і нават голяндцы, ангельцы, а таксама і гандляры з іншых гарадоў Заходняе Эўропы.

Узмацненьне гандлю і гандлёвых зносін з Заходняй Эўропай, нату­ральна, адбівалася на павялічэньні места Вільні, на яго пашырэньні і ўзросьце. Другім фактарам узросту Вільні было тое, што Вільня была „столечным местом". З часоў вялікага князя Казімера літоўска-беларускія вялікія князі звычайна жывуць у Вільні, тады як іх папярэднікі большай часткай жылі ў Троках. Асабліва князі Аляксандар, Жыгімонт Стары і Жыгімонт-Аўгуст спрыяюць узросту і аздобе места Вільні. Яны жывуць там даўгі час самі, з сваім дваром, і любяць места Вільню. У часы Аляксандра замак быў забудаваны новымі драўлянымі і ка­меннымі будынкамі. Памяшканьне двара вялікага князя знаходзілася ў Ніжнім замку, у падставы Замковае гары. У Верхнім замку князь Аляксандар закладае збраёўню (арсэнал) з майстроўняй дзеля вырабу зброі. У часы Жыгімонта Старога пачынаньні Аляксандра яшчэ больш разьвінуліся як у Ніжнім, гэтак і ў Верхнім замку. Усё пабудаванае, аднак, было зьнішчана пажарамі ў 1513 і ў 1530 гадох. Пасьля пажару замковыя будынкі зноў аднаўляюцца пад кіраўніцтвам віленскага гараднічага Ульрыха Гозія, вядомага будаўнічага таго часу. Да пажару замак і бліжэйшыя да яго пляцы былі забудаваны дробнымі драўля­нымі будынкамі. Пасьля пажару частку пляцоў пакінулі незабудава­нымі і засадзілі сад, каб забясьпечыць замак ад пажараў. Палацы Ніжняга замку былі пабудаваны побач з катэдральным касьцёлам і займалі прастору ад катадры да Замковае гары. Непадалёк ад замку былі стайні і пушкарня вялікага князя, з памяшканьнямі для майстроў. Гэтая мясцовасьць і да нашага часу завецца Пушкарняй.

Адначасна з вялікім князем, будавалі сабе палацы і паны як ду­хоўнага, гэтак і сьвецкага стану, асабліва паны радныя, якім, у зьвязку з іх абавязкамі, трэ' было часта жыць у сталіцы.

Побач з Ніжнім замкам, ляжалі пляцы паноў Радзівілаў. Мяжою была левая адтока ракі Вяльлі (Вялейка). Вялейка ў старадаўнія часы падзялялася перад замкам на дзьве адтокі і абкружала замак. Радзівілаўскія пляцы займалі значную прастору ад Вялейкі да Вялейскае брамы, частку Лукішак і Татарскае вуліцы. Мясцовасьць, якую займалі абшары пляцоў Радзівілаў, звалася Лукамі[1]; пляцы і дамы Радзівілаў былі і па іншых вуліцах.

На Вялікай вуліцы былі дамы князя Астроскага, пана Гаштольда (дом Гаштольда пазьней перайшоў да роду Радзівілаў), пана Хадкевіча (перад вайной у гэтым доме зьмяшчалася Управа Віленскае Школьнае Акругі („Виленский Учебный Округ"), паноў Сапег, Остыкаў. На Ня­мецкай вуліцы былі дамы паноў Гарнастая, Остыка, Гаштольда, Войны, князёў Слуцкіх, паноў Тышкевіча, Кішкі; на Троцкай вуліцы—паноў Пацаў і Бжастоўскіх. На розных вуліцах стаяла шмат дамоў іншых паноў.

Значную частку места Вільні ў XVI сталецьці займалі дамы і пляцы духавенства. Толькі аднаму каталіцкаму духавенству ў пачатку XVI сталецьця належала трэцяя частка ўсяе прасторы места Вільні[2]. Знач­ныя абшары Вільні займалі і маёмасьці праваслаўнае царквы. Меў свае будынкі і жамойцкі біскуп.

  1. Wilno od poczatkow jego do roku 1750. Przez J. Kraszewskiego. T. IV. Wilno 1842, стар. 355
  2. Ю. Крачковский, ор. сіt., стар. 45.