Старонка:Места Вільня ў першай палове XVI сталецьця.pdf/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У першай палове XVI сталецьця у Вільні зьяўляецца і першая правільна організаваная школа, якую адчыніў літвін Абрагам Кульва (1539); хутка, аднак, Кульва прымушаны быў пакінуць сваё пачынаньне, і школы, паводле тыпу заходня-эўропейскіх, адчыняюцца ў значным ліку ўжо толькі ў другой палове XVI сталецьця.

Такім чынам, Вільня ў першай палове XVI сталецьця перажы­вала надзвычайна вялікае ажыўленьне. Места прымае канчатковую і пэўную організацыю; гандаль і прамысловасьць растуць; вырастаюць організацыі мяшчанства—цэхі; урэшце, як вынік усяго гэтага, ажыў­леньне інтэлектуальнага жыцьця і духоўных запытаньняў жыхарства як мяшчанскага, гэтак і іншых станаў, якія жылі ў Вільні.