Старонка:Места Вільня ў першай палове XVI сталецьця.pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Цэхі або брацтвы (так часта празываліся цэхі) мелі свой скарб, які яны ўжывалі на ўтрыманьне цэху і на дапамогу сваім сябром. Цэхі мелі свае штандары і, урэшце, зброю, якой яны павінны былі абараняць горад у выпадку небясьпекі. Разгляданьне мяшчанскіх організацый не ўваходзіць у межы гэтага артыкулу; аднак, дзеля ўяўленьня жыцьця Вільні у першай палове XVI сталецьця, іх трэба мець на ўвазе, бо цэхі ў значнай меры дапамагалі месту у барацьбе яго з іншымі станамі, якія пагражалі месту і яго жыхаром, што жылі паводле мескага Майдэборскага права.

Разьвіцьцё гандлёвага капіталізму спрыяла пашырэньню зносін з Заходняй Эўропай і пашырэньню новых заходня-эўропейскіх ідэй XVI сталецьця у месьце Вільні. Віленскія гандляры болььш за ўсё маюць сувязь з нямецкімі гарадамі і адсюль, апроч тавараў, атрымліваюць і новыя думкі, пагляды, ідэі гуманізму і рэформы царквы пашыраюцца у Вільні сярод самых розных колаў, грамадзянства. Яны знаходзяць грунт як у князеўскім палацы, гэтак і ў хаце рамесьніка. Ужо у 1516 годзе у Вільні не жадаюць плаціць папе у Рым "аннуат" (гадавы падатак) і зьбіраць для папы іншыя падаткі. Мяшчан места Вільні абурала становішча каталіцкае, якая уладала трэцяю часткаю места, ідэі лютаранства знаходзяць добрую глебу і значна пашыраюцца сярод мяшчанства, бо з імі зьвязваецца рэорганізацыя царквы і пераход кіраваньня царквой у месьце, паводле прыкладу нямецкіх вольных гарадоў, да мескага ураду. Лютаранства, раней за усё, пашыраецца сярод мяшчан нямецкага пахаджэньн, а потым знаходзіць прыхільнікаў і сярод беларусаў-тубыльцаў.

Гаспадарскі палац таксама не абмінаюць новыя ідэі. Тут працуе ітяльлянец Францішак Лісманіні, які з 1521 году становіцца кусташам Францішканскага касьцёлу ў Вільні, а потым духаўніком Боны і выхавальнікам маладога Жыгімонта-Аўгуста. Лісманіні зьяўляецца прыхільнікам антытрынітарства - тэорыі, якая знаходзіць, дзя­куючы свайму радыкалізму, шмат прыхільнікаў сярод шляхоцкіх колаў. Францішканскі манастыр і касьцёл становяцца цэнтрам пашырэньня новых ідэй.

Панскія колы таксама ня цураюцца новых думак і паглядаў. Панскія сыны часта езьдзілі у Заходнюю Эўропу дзеля вывучэньня „рыцарских учинков" пры дварох фэадалаў Заходняе Эўропы, а таксама і дзеля навукі у унівэрсытэтах Лейпцыгу, Нюрэнбэргу, Прагі, Падуі і іншых гарадоў. Па прыезьдзе на бацькаўшчыну, заняўшы вы­сокія пасады у Літоўска-Беларуская дзяржаве, гэтыя паны не забы­ваюць тых новых паглядаў аб якіх яны там чулі, і з прыхільнасьцю спрыяюць іх пашырэньню. Прычынай гэтага была тая барацьба, якую пачала шляхта супроць дыктатуры паноў-фэўдалаў. Ні каталіцкая, ні праваслаўная царква ўжо не дапамагалі паном у гэтай барацьбе; каб захаваць сваю ўладу, паны шукаюць падтрыманьня ў новай царкоўнай організацыі, якую яны імкнуцца паставіць у залежнасьць ад сябе і, такім чынам, забясьпечыць падтрыманьне новаю царквою свае ўлады.

Новыя думкі і ідэі праводзяцца праз казаньні ў касьцёлах і цэрквах. З ростам места і ліку жыхароў зьяўляецца патрэба і у кніжцы. У пачатку ХVІ сталецьця зьяўляецца першая друкарня, якую адчыніў віленскі бурмістар Якуб Бабіч на Вялікай вуліцы, супроць Васкрасенскай царквы, побач з домам Яна Зарэцкага, скарбніка літоўскага. Пазьней друкарня, адначасна з доама, перайшла да Мамонічаў, дзе і быў надрукаваны Літоўскі Статут 1588 году.