Перайсці да зместу

Старонка:Межы (1929).pdf/58

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЦЬВІЦЕ ЦЯРЭМШЫНА…

Цьвіце цярэмшына, цьвіце,
А разам з ёй цьвіце і сэрца,
Палоннай птушкай з клеткі рвецца
І казкі новыя пляце…

Ўдзень струнны звон і песьняў строй,
А ўночы сьвецяць месяц, зоры…
Чаму-ж душы ня даць прастору,
Чаму-ж затрымваць думак рой?..

Цьвіце цярэмшына, і пах
Хвалюе кроў ў маёй істоце…
Ці-ж можна марыць на самоце,
Калі так радасна ў вачах,

Калі так рвецца жар з грудзей
К яшчэ няспоўненаму шчасьцю
І хоча шлях красы пракласьці
К спаўненьню радасьці-надзей.

Лаўлю я зык начной цішы
Ў хвіліны цяжкія чаканьня
З надзеяй поўнай на спатканьне,
На родны ўздых яе душы.