Перайсці да зместу

Старонка:Межы (1929).pdf/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ВАСІЛЬКАМІ ЦЬВІТУЦЬ ТВАЕ ВОЧЫ…

Васількамі цьвітуць твае вочы,
Агнявыя парой яны,
І вясёласьць твая дзявочая
Не дае майму сэрцу ныць.

Але я, непакорны, далёкі,
Ня умею цябе счараваць…
Мары ўюцца і кружацца лёгкія,
Набракае ад іх галава…

Зайздрасьць нейкая коле балюча,
І надзея цешыць мяне,
Што я песьняй сваёю пявучаю
Ня ўсё аб табе празьвінеў.

Мо‘ калі і надыйдзе часіна,
Што парушыць ціхі спакой,
І пакорная песьнь лебядзіная
З душы хлыне наперакор.

1925 г.