Старонка:Мая ліра (1924).pdf/99

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ШЛЯХАМ ЦЯРНІСТЫМ…

Пасьвячаю N. N.

Шляхам цярністым, набітым каменьня,
Між жудаснай, цяжкай пары,
Пусьціўся ты, брат, на дарогу цярпеньня,
Шпырнуўшы трывогу з-гары…

А сьмешныя людзі — праўдзівыя хамы —
Як толькі пачулі, што ты
Пайшоў ў падарож, каб дайсьці тае брамы,
Агонь гдзе запален сьвяты,

Скрыгочуць зубамі, крыўляюць сумленьне,
І хочуць ўсім даказаць,
Што ў іхных руках супачыла збаўленьне,
Што дарма прывольля шукаць,

Каму-ж бо ня ясныя нашыя думкі,
Шчэ трэба мо’ іх паўтараць:
Мы Белу-Русь будзім з нядолі і мукі,
Бо годзе ўжо лёс праклінаць.