Старонка:Мая ліра (1924).pdf/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ОЙ НА РУСЬ ДЫ БЕЛУ…

Ой на Русь ды Белу груганы ляцелі,
Неба засланілі — на зломах паселі;
Зорам неспакойным кругом спаглядалі:
Там косьці бялелі, як пена на фалі…
Як пена на фалі па ўзгорках косьці —
Ой прашлі зямельку, крывавыя госьці!
Скалыхнула бура бяздноннае мора,
Прычыніла людзцам страшэннае гора.
Аддыхнула бура, сонца паказала,
А трупа кляваці груганоў паслала…
Паселі на зломах няпрошаны госьці;
Дзяўбалі трывожна беларускі косьці.
Зашумелі пушчы, застагналі нівы
Ад тэй гругановай — пякельнай спажывы.
А во страпянуўся род той гругановы!
Быў здалёку чутны гоман нейкі новы.
Дзівам здзівавалісь няпрошаны госьці,
Бо з зямлі паўсталі беларускі косьці…