Старонка:Мая ліра (1924).pdf/105

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

БАБЕ І ЧОРТ З ДАРОГІ УСТУПАЕ.

Хоць і хітры чорт рагаты,
С трудам дасца ашукаць,
А ўсё-ж, ўлезшы ў тарапаты, —
Ідзі бабку папытаць.

Бо хоць жонка і дурніца,
Дзесяць цяжка ей злічыць,
З кожным любіць пасварыцца,
Але чорт прад ей дрыжыць.

Вось паслухай, браце, сказкі —
(Было гэта ўжо даўно) —
Без дакладу, без прыкраскі,
А ня верыш — ўсё раўно…

Раз дзядок гарох пасеіў,
Пры гаёчку у сам раз,
Зерне чыста перш развеіў,
Каб радзіла ў божы час.

На жаль толькі пры рабоце
„Спамож Божа!“ не пачуў,
А і сам ў сваей ліхоце
Нат’ да Бога ня ўздыхнуў.