Зноў я прыходжу у часе зьмярканьня,
Складаю літаньне, нясу табе даньне
Ад сэрца свайго, Адзінота.
Можа раней, як яшчэ не радзіўся,
Табе быў адданы, табе прысудзіўся,
Крулёва мая, Адзінота;
Можа быць маці, калі спавівала
І ночы ня спала, над люлькай сьпявала,
Аддала табе, Адзінота.
Меў я ад родных пяшчоты-упады,
Мне мамка-галубка і ўсе былі рады,
А ты — над усіх, Адзінота.
Ты надавала мне брэдняў ў садочку
Ля хаткі радзімай, ў вішнёвым куточку,
Дзіцяці яшчэ, Адзінота;
Ласка твая, што ўсяго навучыўся,
Ў жыцьцё, і ў людзей, і ў цябе улюбіўся,
І воля твая, Адзінота.
Сьмерцю сваёю ці наглаю згіну,
Ніколі цябе я ужо не пакіну, —
Ня здолеці мне, Адзінота!
Часам табе пасылаю праклёны,
Зубоў скрыгітаньне, уразаў мільёны
Ўладаньню твайму, Адзінота;
|