Часам я ўночы сны дзіўныя бачу:
Роіцца нейкі нязьведаны край,
Повен то шчасьця, то жаласьці, плачу,
То зло-хмурлівы, то сьветлы, як рай.
Бачу вялікія стэпы з-над Нёмна;
Туліць у сьлёзах матуля сынка;
Сьцелецца пушча глухая і цёмна;
Косьці з магілы глядзяць бедака…
Бачу я — жоўтае жытняе поле
Коласам ціха шуміць-шалясьціць,
Межы, курган векавечны і хвоя,
Каня з аднэю малітваю „піць“!
Траўка ў ляску у цяню вырастае,
Корміцца сокам зямелькі сырой;
Птушка шчабеча — людзей пацяшае;
Льлецца крынічка, плюскоча вадой.
Ночкай ля рэчкі раздольна, прывольна!
Гуртам русалкі сьмяюцца, пяюць;
Кветкі купальскай шукае бяздольны
З зельлем шаптухі паціху снуюць…
Хочацца быць мне у тым краю нязнаным,
Хочацца край той абняць з прастаты,
Хочацца крыкнуць: гэй, краю каханы,
Будзь мне, як маці, будзь родным мне ты!
|