37 р. …„і ту-ж“ зам. „і тут-жа“ згодна з вымаганьнем рытму.
42 р. …„можучы“… Пакінута бяз зьмены напісаньне выд. 1918-га г.
49 р. „Няма пакуты дзе — няма пазнаньня“. Прынята інтэрпункцыя аўтографу (XV, 2. 23/32). У выданьні 1918-га году: „Няма пакуты, дзе няма пазнаньня“.
30. Дзяўчыначка-сэрца…
19 р. …„задарма“. У выд. 1918-га году і ў аўтографе стаіць „з-за дарма“.
31. Мая люба.
19 р. …„уласныя“ — у значэньні рас. „властные“.
33. Ідуць гады.
14 р. „пача́лася“ зам. „пачалося“ — гл. заўвагу да в. № 9.
20 р. „Ўздагонь“ (зам. уздагон) пакінута як асаблівасьць лексыкі поэты.
36. Як ліст вярбінкі маладой…
12 р. „У мора я. — А вернешся назад?“ У „Матчыным Дары“ было „У мора сіняе“… Тэкст выпраўлены на падставе аўтографу („сшытак“ стар. 125) для захаваньня памеру вершу, бо ў тэксьце „М. Д.“ у гэтым радку была адна залішняя стапа.
У 18-м радку „Цячы ракой з-пад горнае грады“ — прыняты аўтарскі тэкст на падставе гэтага-ж аўтографу. У „М. Д.“ было: „з-над“.
37. Нязнаны госьць.
10 р. …„неабачны“ — рэдкае ў нашай літаратурнай мове слова.
12 р. „Па іншаму жыцьцю“… У выданьні 1918-га году і ў аўтографе (XV. 2. 22/31) стаіць „па іншаму жыцьці“, зварот, у якім мы маем нязвычайнае дапасаваньне — месны назоўніка і давальны прыметніка. З прычыны таго, што поэта тут меў на ўвазе, як відаць, конструкцыю з давальным склонам, гэты зварот выпраўлены — „па іншаму жыцьцю“.
38. Матчын дар.
5 р. …„З тугай“ зам. „з тугой“ выданьня 1918-га году прынята для захаваньня памеру вершу на падставе аўтарскай папраўкі, якая была ім зроблена на выдрукаваным у „Нашай Ніве“ паасобніку вершу (Рукапісы А. Гаруна XV. 2. 25/34 б).
10 р. „Як-жа шанаваці“. У выд. 1918-га г. было: „Як іх шанаваці“. Папраўка ўнесена на тэй-жа падставе, як і папярэдняя (гл. 5 радок).
40. Літаньне адзіноце.
10 р. …„упады“ — у слоўніку Насовіча тлумачыцца як „старание угодить“.
41. Начлег.
6 р. …„дзесь“ — у выд. 1918 г. „гдзесь“.
42. Скажы, братухна…
12 р. Слова „нявісны“ поэта ўжыў у сэнсе „нявідучы“. Параўн. слоўнік І. Насовіча ст. 328: „нявісьнець, занявісьнець — потемнеть“. „Вочы мае нявісьнеюць, занявісьнелі“.
44. З. Б-КУ.
У першай строфе двукосьсі прастаўлены на падставе аўтографаў (XV. 2. 28/37 і „сшытак“, 130 стар.).