Старонка:Матчын дар (1929).pdf/169

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

АГУЛЬНЫЯ ЎВАГІ.

Кніга вершаў А. ГарунаМатчын Дар“ перавыдаецца з зборніку пад гэтай-жа назвай, які быў выдрукаваны ў Менску ў 1918-м годзе. Частка вершаў, якія ўвайшлі ў выданьне 1918 году, была выдрукавана раней у розных выданьнях: „Нашай Ніве“, „Вольнай Беларусі“, „Беларускай Радзе“, „Беларускіх Календарох“ і інш.; частка-ж (каля паловы) была ўзята з аўтографаў і друкавалася ў зборніку ўпяршыню. Некаторыя вершы „Матчынага Дару“ перадрукоўваліся пазьней, пасьля 1918-га году ў пэрыодычных выданьнях (напр., у „Беларускіх Ведамасьцях“, „Каляднай Пісанцы“).

На тытульнай старонцы зборніку 1918-га году стаіць надпіс: „Алесь Гарун. „Матчын Дар“. Думы і песьні. 1907—1914 гг“.

З гэтага надпісу відаць, што вершы, якія ўвайшлі ў даны зборнік, былі напісаны ў пэрыод ад 1907-га да 1914-га г., аб чым і паведамляла „Выдавецкая Камісія“ на адвароце тытульнай старонкі ў наступнай нататцы: „Вершы, умешчаныя ў зборніку „Матчын Дар“, напісаны аўтарам у няволі, — у пэрыодзе 1907—1914 гг. У пачатку ліпня 1914-га году зборнік быў перасланы з Сібіры для друку ў Вільню, дзе яго выданьнем хацела заняцца „Беларускае Выдавецкае Таварыства“. Але паўстаўшая тады вайна адсунула выйсьце кнігі на цэлых 4 гады“.

Надрукаваны „Матчын Дар“ быў ужо пасьля звароту А. Гаруна з Сібіры ў Менск. Сам поэта прымаў удзел у надрукаваньні свайго зборніку і такім чынам фактычна быў адным з радактароў яго.

Нашае выданьне зьяўляецца перадрукам зборніку 1918-га году, пры чым у тэкст паасобных вершаў унесены нязначныя зьмены ў тых выпадках, калі ў тэксьце выданьня 1918-га году былі заўважны друкарскія памылкі, парушэньні рытмікі і граматычна неапрацаваныя месцы. Для паправак выкарыстаны друкаваныя варыянты і аўтографы, якія захоўваюцца ў Беларускай Акадэміі Навук і складаюць рукапісны архіў А. Гаруна. Пры спасылцы на аўтограф зазначаецца нумар папкі рукапісаў А. Гаруна, разьдзел, падразьдзел і месца аўтографу ў падразьдзеле (напр. XV. 1. 16/24); пры спасылцы на „сшытак“ маецца на ўвазе папка XV, разьдзел 1, у якім гэты сшытак вершаў зьмешчаны.

Мова „Матчынага Дару“ ня можа лічыцца літаратурна вытрыманай з лексычнага і граматычнага бакоў. Гэта часткова тлумачыцца тым, што значная частка вершаў, якія ўвайшлі ў зборнік, пісаліся, як зазначана ў прадмове да яго, у выгнаньні між 1907 і 1914 гг.

А. Гаруном ужываюцца даволі разнастайныя рытмы, але часам у яго заўважаецца граматычная неапрацаванасьць вершу з тэй прычыны, што для рытму ён адступае ад граматычных норм і звычайнай акцэнтоўкі; спатыкаюцца ў А. Гаруна таксама і перабоі ў рытміцы. Некаторыя выкліканыя запатрабаваньнем рытмоўкі парушэньні граматыкі і націску, а таксама і стылістычна неапрацаваныя месцы агавораны ніжэй ва ўвагах да паасобных вершаў.