Старонка:Матчын дар (1929).pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

„Матчын Дар“ — таксама як і ва ўсім зборы твораў А. Гаруна, — прыняты сучасны з звычайнымі адхіленьнямі ў тых мясцох, дзе пераклад тэксту 1918 г. на сучасны правапіс значна парушаў-бы лексыку пісьменьніка ці яго вершаскладаньне.

Такім чынам, параўнальна з тэкстам выданьня „Матчынага Дару“ 1918 году, г. зн. з тым тэкстам, якім да гэтага часу звычайна карыстаўся чытач ці непасрэдна ці з дапамогаю выпісаў або крытычных і гісторыка-літаратурных нарысаў, тэкст, які перавыдаецца цяпер, адрозьніваецца ня толькі правапісна, але ў некаторых (праўда, нямногіх) мясцох таксама і лексычна і фразэолёгічна. Каб даць чытачу, які прызвычаіўся да папярэдняга тэксту, адпаведныя тлумачэньні, Камісія знайшла патрэбным увесьці ў кніжку самы сьціслы набор уваг, не загружаючы яго лішнімі даведкамі і дадаткамі. Больш падрабязны крытычны апарат да зборніку „Матчын Дар“ і да ўсіх наогул твораў А. Гаруна, пабудаваны на аснове таго рукапіснага архіву, які знаходзіцца ў Камісіі, будзе даны ў поўным акадэмічным выданьні твораў пісьменьніка.

У склад поўнага акадэмічнага выданьня твораў А. Гаруна ўваходзіць і крытычна-біографічны нарыс, у якім будуць сконцэнтраваны як папярэднія так і нанова здабытыя фактычныя даныя аб пісьменьніку, якія малююць абстаноўку яго дзейнасьці, а таксама будзе дана псыхоідэолёгічная ацэнка яго літаратурнай продукцыі, якая, ня трацячы і зараз свайго мастацкага значэньня, у ідэолёгічных адносінах павінна быць адзначана як месцамі зблытаная, нявытрыманая і чужая нашаму часу. У даным-жа выданьні даецца напісаны А. І. Барычэўскім кароткі нарыс з самымі неабходнымі весткамі біографічнага характару і з некаторымі заўвагамі аб ідэолёгічнай устаноўцы, „Матчынага Дару“.

У падрыхтоўцы гэтага выданьня прымалі ўдзел наступныя асобы: тэкст устаноўлены Камісіяй у складзе І. І. Замоціна, М. М. Піотуховіча, А. І. Барычэўскага, В. Т. Мачульскага пад агульнай рэдакцыяй І. І. Замоціна. Падбор неабходных уваг зроблены В. Т. Мачульскім.

І. Замоцін.