Паставілі дзеці сіло. Вераб‘я
Хацелі злавіць на пацеху.
Злавілі сінічку, крычаць: вой-я-я!
А радасьці колькі, а сьмеху!
Імчацца да маткі: — „Сінічка, глядзі!“
— „А дзе-ж вы узялі? — „Злавілі!
Дастань ты ёй клетку, хутчэй пасадзі“…
— „Нядобра вы, дзеткі, зрабілі!“
— „Мы будзем яе і паіць і карміць,
Сьпявала-б нам птушка прыгожа“…
— „Ах, дзеткі! ў няволі яна замаўчыць,
Сьпяваць у няволі ня можа…
Успомніце толькі, як нудна сядзець,
Як з хаты мароз ня пушчае.
То-ж дзень, вам здаецца, як тыдзень ідзець,
Хоць я і усяк разважаю.
А птушку вы хочаце з хаткі яе
Узяць, пасадзіць у чужую….
Ня мучце, пусьціце, рыбулькі мае,
На волю яе залатую“.
І матчыны словы у сэрцах дзяцей
Ласкавыя струны кранулі,
І добрыя дзеці — прыклад для людзей! —
Сініцы свабоду вярнулі.
|