Старонка:Матчын дар (1918).pdf/36

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Завіруха.


Завіруха скачэ ноччу
Патарочай, плачэ, вые;
Пухавыя сыпе у вочы
Сьнегавінкі мне; рагочэ.
Йду на вобмацк; ледзь жывы я,
Ніжывыя суну ногі
Без дарогі. Цело ные,
Калянее; верставы я
Прамінаю слуп убогі,
Троярогі крыж збутвелы,
Пасівелы, цемны, строгі.
Ні чакаю дапамогі…
Прыступае нехта белы,
Асьмялелы. Вот усьцігае,
Акаляе, скамянелы,
Пасінелы, — абнімае.
Завіруха —
Рагатуха сыпе сьнегу
І у прабегу шэпчэ у вухо:
„Заначуеш — ні пачуеш:
„Я завею, я угрэю,
„Зараз ляжаш, дзякуй скажаш.
„Мне ты скажаш“. Завіруха —
Рагатуха шэпчэ у вухо.

Ажно чую: раптам злая
Улягае, уціхае
Завіруха. Замірае.
Праясьняе у полі. Нікне,
А нізыкне вецяр-сватка.
Бачу — хатка.