Старонка:Матчын дар (1918).pdf/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Вяселле.


Гэй, гуляй, ні думай,
Ні глядзі панура!
Засьпявай, заіграй,
Загудзі віхурай!
Грошы есьць! Сало есьць!
Бутэль манаполькі…
Ты ні стой, трунак свой,
Пій, гуляй і — толькі!
Былі мы… Жылі там —
На роднай краіне…
А цяпер тут — як зьвер…
Жыцце нашэ гіне.
Гэй, гуляй, налівай!
Будзем піці, браце!
Што у нас? Цяжкі час?
Э! аб чым казаці!
Га-га га! Бач, нага
Сама у бокі скачэ,
Заіграй, засьпявай!…
Не, брат: сэрцо плачэ…
Дайце мне, дайце мне
Кварту ні пустую, —
Я мае, я свае
Сэрца пачастую.
От дык так! От дзе смак!
Эх ты, ведзьма-доля!
Ешчэ — не, мала мне…
Налівайце болей!