Старонка:Маленькі Мук.pdf/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Потым кажа ён дзядзьку і цётцы:

— Дайце мне на дарогу толькі бацькава плацце і чалму.

— Бяры плацце і чалму, — сказалі яму дзядзька і цётка, — толькі ідзі хутчэй.

А бацька ў Мука быў чалавек высокі, тоўсты: яго плацце і чалма не маглі быць якраз па Муку. Але Мук абрэзаў полы халата, абкруціў чалму кругом галавы, засунуў за пояс кінжал, узяў у рукі палку, заспяваў песеньку і пайшоў з горада.

Першы дзень ён ішоў і ўсяму радаваўся. Птушкі спяваюць, дрэвы калышуцца, ручаі цякуць. Вельмі ўсё прыгожа.

Настаў вечар; лёг Мук пад дрэва і заснуў. А раніцою пайшоў далей.

Тут ісці горш было. Згаладаўся маленькі Мук, захацелася яму есці, а есці няма чаго. Галодны ішоў маленькі Мук, сумны, ледзь ногі цягнуў. А раніцой трэцяга дня ўбачыў ён вялікі прыгожы горад: блішчаць на сонцы вежы і дахі і развяваюцца на зубчатых сценах рознаколерныя сцягі.

— Вось дзе я знайду сваё шчасце, — сказаў маленькі Мук. І пабег да горада.

Дабег Мук да гарадскіх варот. Спыніўся,