Старонка:Маленькі Мук.pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Потым старэйшая каралеўская дачка махнула сваёй хустачкай, і абодва скараходы паімчаліся.

Тут маленькаму Муку яго туфлі дапамаглі. Як пабеглі туфлі, як панеслі яны Мука, ніхто і вокам міргнуць не паспеў, а Мук ужо і да месца дабег. А скараход усё яшчэ па лузе бяжыць, нават да сярэдзіны не дабег.

— Ну і маленькі Мук! — закрычалі ўсе. — Вось дык малайчына!

А скараход раззлаваўся і сказаў:

— Ну, маленькі Мук, я табе гэтага не забуду! Я табе адпомшчу.

І вось стаў Мук служыць у караля скараходам. Усе каралеўскія даручэнні выконваў ён хутка і добра. Пашле яго кароль у такі горад, куды і за тры дні не зойдзеш, а ён праз гадзіну ўжо назад звяртаецца.

А той скараход, якога абагнаў маленькі Мук, увесь час думаў аб тым, як-бы адпомсціць Муку. Стаў скараход сачыць за Мукам, і вось убачыў ён, аднаго разу, як Мук павярнуўся тры разы на абцасах і паляцеў.

— Цяпер вось я зразумеў, — сказаў скараход, — хто табе дапамагае хутка бегаць, — і пайшоў да караля.