Гэй, родныя песьні! Вы ў суме і ў горы,
Ці ночка пануе, ці сівер дзьме зімны, —
Для роднай зямелькі вы — сьветлыя зоры,
Для роднага краю вы — райскія гымны!
У вас адаб‘ецца нядоля і доля,
Ўздыханьні, што ходзяць з сахою, з сякерай
І холад, і голад, няволя, і воля,
І ў будучнасьць ясну надзея і вера.
На сьвеце на белым і праўдай і чэсьцяй
Гандлююць, збываюць за фальш і няславу;
Вы-ж, песьні, і сьветам маглі-бы затрэсьці,
Паклікаць к змаганьню за добрую справу.
На рукі людзкія наложаць аковы,
Край стопчуць, заграбяць чужыя народы,
У песьнях-жа родны край, родныя словы
Жылі і жывуць, і жыць будуць заўсёды.
Гэй, песьні, гэй, звон, Беларусі загнанай!
Заграйце пацехай на родным загоне,
Што ўжа няма болей няволі, кайданаў,
людзі ня стогнуць, як стогнуць сягоньня!
1906 г.
|