Старонка:Маладняк за пяць гадоў. 1923—1928 (1928).pdf/123

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У апавяданьні „Барвяныя бляскі“ („Маладняк“, № 10, 1927 г.) Хурсік дае малюнак рэволюцыі на вёсцы, як паны думалі застацца на Беларусі, прыводзячы на абарону польскіх легіянэраў, і як сяляне разьбівалі панскія двары. Абразок моцны, але часам ёсьць лішні натуралізм. Добра змалёваны тыпы паноў. Добрыя кароткія апісаньні прыроды.

Далей асабліва трэба адзначыць апавяданьне „Зьмітрок“ („Маладняк“, № 1, 1928 г.). Зьмітрок апавядае аўтару аб сваім жыцьці. Як ён вёў польскага афіцэра, як той хацеў уцячы, як ён пабіў яго. Сваркі з бацькам — яскравае месца на соцыяльна-бытавыя тэмы. Псыхолёгічны момант — няўдалае каханьне. Настулю аддаюць за нейкага алімэншчыка, яна ідзе, Зьмітрок у роспачы страляў па ёй. Ён цяпер працуе на млыне. Чырвоная армія была яму роднаю сям‘ёю. Аўтар дае тут і прыгожыя апісаньні прыроды, але яны лішнія і задоўгія ў пачатку апавяданьня.

У гэтым апавяданьні — сакавітая народная вобразнасьць і мова. Дасканалыя параўнаньні і прыказкі. Мастацкі дыялёг, у якім нічога лішняга і кожнае слова падмацоўвае ўражаньне. Веданьне народнага жыцьця вельмі добрае. Калі бацька сарваў са сьценкі Зьмітраковага правадыра і Зьмітрок за гэга бразнуў на падлогу абраз з бацькавым богам, дык аўтар ведае і маляўніча паказвае, што „па падлозе, хто куды, у розныя бакі, прусы кінуліся наўцёкі“.

Шмат тут і псыхолёгізму. Зьмітраковы перажываньні перадаюцца вельмі тонка.