Старонка:Маладняк за пяць гадоў. 1923—1928 (1928).pdf/108

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У 1926 г. вышлі два зборнікі яго прозы, „Золак“ і „Радасьць“. У 1928 г. вышаў трэці зборнік „Крык працы“.

Найчасьцей апісвае Нікановіч польскія гвалты на Беларусі і клясавае змаганьне ў сучаснай вёсцы. Сюжэты зазвычай аздабляюцца каханьнем. Уласьцівы Нікановічу літаратурны прыём — устаўкі з прыгожым апісаньнем прыроды і падкрэсьліваньне драматычных момантаў і розных чулых месцаў.

Але, напрыклад, у зборніку „Радасьць“ паказана вельмі многа радасьці, тымчасам жыцьцё выходзіць нейкае аднабокае, нібы мёдам памазанае. Усё і ўсюды так радасна, так добра, нібы ня ідзе яшчэ такое ўпартае змаганьне за новы быт, нібы людзі працуюць дзеля аднае вясёласьці. І ўся тая радасьць жыцьця, якая магчыма, поўніла істоту аўтарам, калі ён пісаў гэтыя свае апавяданьні, вышла вельмі салодка і, апрача фразэолёгіі, нічога ад радасьці не асталося.

У шмат якіх іншых апавяданьнях Нікановіча таксама — стылізацыя і фразэолёгія. Пагоня за прыгожымі словамі і зваротамі, яскравымі вобразамі. Але яны не выцякаюць органічна з творчасьці, а зьяўляюцца пэўным літаратурным прыёмам. Скрозь у яго — гіпэрболічнасьць, перабольшваньне, падкрэсьліваньне, не схаваная тэндэнцыя, агітацыйнасьць і навучальнасьць, крайнасьць, непраўдападобнасьць, нятыповасьць. Часам лішні натуралізм, жудасныя сцэны, біцьцё, кроў, сьлёзы — і сантымэнтальнасьць, павярхоўнае пачуцьцё.