Ну, адрывайся, пракляты запор,
До’ жартаваці са мною!
Сілы, больш сілы! ах, каб цябе мор!
Зноў не пакратаць рукою.
Чорны, (выбіваючы ізноў тапор).
Зубамі грызі, війся ў ранах,
Сэрцам бі ў камень, як звонам,
Крывёю парог злі цэгляны,
Трупам тут ляж безгалоўным,
І с сьвету таго выглянь марай,
З небам аплутаўшысь дружбай —
Удар пярунамі с-пад хмараў, —
Я не пакіну тут службы.
Сам, (шукаючы тапара).
Дома ўжо нельга мне далей так жыць, —
Дом мой магілай халоднай;
Каменем поле сьцюдзёным ляжыць.
Плёны зьмёў вецер галодны.
Марна пад кроквай ржавее каса,
Недзе ўчапіці нарога…
Толькі чырвоная ўсюды раса,
Толькі к неўдачам дарога.
Гадзіны ўюцца вяроўкай ля ног,
Смокчуць кроў з жылаў піяўкі;
К Богу звярнуся — маўчыць нема Бог,
Сьцелючы ў пекле прылаўкі.
Людзі!… Што людзі? Ці ёсьць дзе між іх
Годны адзін хоць у людзі:
Мутнасьцяй, трупам нясе ад усіх;
Пошэсьцяй поўные грудзі.