Старонка:Маладая Беларусь (1912—1913). Сшытак 1.pdf/71

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

II.

На замчышчы.


Ноч. Старое замчышчэ, ці так сабе палац — калісь знаць важны — сягоньня напоў разваліўшыся. На ґзымсах паўрасталі палыны і крапіва: каля сьцен дзікіе рожы і акаціі памешаліся з лазой і непрыветліва шэлесьцяць. Вокны і дзьверы ўсе наглуха забіты таўстымі яловымі дошкамі. Ґанак (дзе і рэч адбываецца) каменны, на шасьці слупох — па тры с кожнаго боку. Пусткай, гнільлём і зністажэньнем вее з усяго замчышча.

Сам, (патцікаецца к парадным дзьверам с тапаром у руках).

Колькі ўжо ночэк, колькі ўжо раз
Стукаўся ў гэтые сьцены. —
Вечна заходзіла штосьці не ў час
Мне на дарозе нязьменна.

Дзед мой нябошчык, калі уміраў,
Так гаварыў мне і тату:
Скарбы у лёхах замчышча схаваў
Хтось адзін вельмі багаты.

Трапіць-же можна ў ноч тую на сьлед,
Як з іх спадае закляцьце;
Толькі пары тэй ня ведаў і дзед —
Трэба яе адгадаці.