Старонка:Літаратура 1923.pdf/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

«Парой ён спыніцца, каб лецей завастрыць пяро гусінае і гляне... Сьветла сонца стаўпамі падае праз вузкае ваконца, і круціцца ў іх прыгожы, лёгкі пыл; рой хмарачак плыве; шырокімі кругамі ў небе ластаўкі шыбаюць над крыжамі. А тут, каля вакна, малінаўка пяе і стукае жаўна»...

Калі так моцна жыве мінулае, то і тое, чым мы напаўняемся сёньня, таксама пранясецца праз вякі - вось думка, выплываючая з вершаў Багдановіча.

Правадыр «зачараванага царства» быў надзвычайна вострым эстэтам. Усё пекнае, выразнае і плястычнае вабіла яго: глыбокая думка, музычны твор, волак майскай раніцы, яскрыстае віно!

«Мудрай прамовы мёд залацісты поўныя соты» - яму былі «да спадобы»-«але ня меней сэрцу панадны мёд сваім хмелем, сьветлым і тонкім».

Гэта старажытны грэк у беларускай вопратцы... Толькі грэкі ўмелі так разумець і любіць жыцьцё. Недарма наш беларусін-грэк любіў песьняра Анакрэона:

«Бледны, хілы ўсё-ж люблю я
Твой і мудрш, і кіпучы верш, Анакрэон -
Верш такі, як дар прыроды -
Вінаграднае, густое, цёмнае віно:
Дні ідуць, праходзяць годы
Але ўсё крапчэй, хмяльнее робіцца яно!»

Сам пясьняр, як ні жадаў, - ня мог сьпіць поўную чару жыцьцёвага хмелю... Апрача хваробы, пяшчотнасьць, нейкая дзявочая саромлівасьць і глыбокі сум, што агартаў яго, калі ён выходзіў з свайго зачараванага краю ў край праўдзівы, - зрабілі тое, што й самае жывучае з пачуцьцёў - каханьне - ператварылася ў вобразы глыбока драматычныя. «Дзьве хмары - грымотная і празрыстая - жадалі зьліцца... ужо чырванелі ад жару... Але далёка іх вецер разьнёс, наляцеўшы нячутна. Дробным дажджом пад зямлёй, як сьлязамі, адна пралілася... Гулкім раскатам грымотаў другая ў адказ адзвалася... І паасобку загінулі хмары бяздольныя тыя, чуючы ў небе, як вецер над сьмерцю іх радасна вые»...

* * *

Што мы, рэальныя працаўнікі, штодзённыя цагляры зможам знайсьці ў поэзіі «сноў і чараў?»

Мы знойдзем багата чаго карыснага. Надзвычайна выяўлены індывідуалісты і эстэт, Багдановіч не замкнуўся ў сваей асобе. Творачы хараство, ён добра ведаў, што гэтым хараством ня кожны можа і мае права карыстацца. Што трэба яшчэ шмат зрабіць... Каб толькі хапіла сілы змагацца з «грамадзкім горам».

Але ён ужо й тагды ведаў, што пад шэрым попелам няяснасьці тагачасных палітычных адносін, чырвоны жар гарыць».

Мы, пролетарыі, якія щжо навучыліся любіць і разумець хараство, павінны берагчы і пільнаваць зярняткі яго, каб перадаць іх тым, што яшчэ толькі праціраюць вочы свае запатнелай далоньню.

Міхайла Грамыка.

17-IV 23 г. Менск