Старонка:Літаратура 1923.pdf/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

туман «быццам дым сіняваты з кадзіла.» Ніхто яго ня скрыўдзіць, бо ён усім скажа: «добрай ночы!» І сумна паплыве маладзік у небе вячэрнім, зялёным, як лёд. Бледа-сіні месяц сярод зялёнага, як лёд, неба! Хто бачыць такія колеры, колеры мудрасьці й спакою, той мае права

«Кінуць думкі аб долі гаротнай,
Хоць-бы на момант спачыці душой».

О, як любілі хворыя грудзі жыцьцё! Вядома, сваё жыцьцё, - пекнаты і хараства! Жыцьцё на волі, дзе над галавой -

Дубоў павець.
Віднеюць неба, горы, поле
Праз лісьцяў сець.

Тут, у яго жыцьці, усё добра:

«І блеск і цень,
«Той дзень, што мае нарадзіцца
І зьнікшы дзень».

М. Багдановіч - зачараваны месяцам «сомнамбул».

Выплыў месяц над змрочнай, заснуўшай зямлёй
І павёў яго ў цемную даль за сабой
І прывабіў да мглістай, халоднай вады.
Сэрца білася рыбкай у сеці тады.
Але месяц правёў праз ракі сьветлы шлях.
І разьвеяўся з сэрца дрыжачага жах.
Зіхацела яна, серабра пуціна,
Увадзіла ў той край, дзе пануе вясна.
Доўга, доўга цябе ён чакаў і шукаў,
Але вось час жаданы нарэшце настаў...
І пайшоў ён па шляху, пайшоў аж да дна:
Агарнула яго цішына, глыбіна!..

Уся поэзія поэты-«сомнамбула» у гэтым вершы. Месяц-гэта яго поэтычнае натхненьне. Яно вывела яго да мглістай вады жыцьця. І забілася рыбкай сэрца песьняра перад гэтым бягучым жыцьцём-рэчкай, дзе столькі віроў барацьбы и няпраўды. Ён знайшоў дно, але ня звычайнае тваністае дно абыватальства... яго дно-цішыня пазнаваньня, у якім зараджаюцца зерні нямінучай будучыны.

Поэта не дажыў да пары рэальна далучыцца да закладаньня цаглін будучыны-вось чаму з такой парыўнасьцю ён зацікавіўся «Старой Беларусьсю». У цішы гэтай мінуўшчыны, ён хацеў знайсьці той плястычны матар'ял, з якога іншыя маглі-б ляпіць сучасныя соцыяльныя формы. Гісторыя паглыбляе сучаснае. Яна дае пэрспэктыву ціхіх, як прысады, вякоў. Ён любіў уяднацца ў гэтыя прысады, каб разабрацца ў гаманлівым, але яшчэ ня выразным у яго часы, жыцьці. Зацікавіўшыся каранямі, ён тым самым як бы прапанаваў зірнуць і ў другі бок народнае культуры, у ствол і галіны, дзе пачынаюць покацца адросткі маладых пролетарскага характару патрэб.

Мінулае ў Багдановіча ня толькі апісваецца: яно жыве, праўда, без спарахнелых ужо костак... яно жыве, бо пясьняр аджывіў у ім пекнату.

«Так, рупная пчала ўмее мёд сабраць і з горніх кветак».

Праз вякі прайшлі запісы й творы... І чаму-ж ня можа паўстаць з глыбокага гістарычнага сну і дзейнік усяго гэтага-чалавек!