Перайсці да зместу

Старонка:Ля сцен Карфагена (1934).djvu/53

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Тры гадзіны счакаўшы, ён яшчэ сядзеў у ванне з цынамонавага масла і, купаючыся, еў у той-жа час на разасланай перад ім бычынай скуры. Але клопаты аб целе не маглі адцягнуць яго ад інтарэсаў да грамадскіх спраў: ён дыктаваў лісты Вялікаму Савету і прыдумваў самыя страшныя катаванні для захопленых палоннікаў.

Раптам страшэнныя крыкі, хрыплыя і ў той-жа час прарэзлівыя, данесліся ў залю, заглушаючы голас Ганона і звон посуда, які расстаўлялася вакол яго. Шум падвоіўся, загрымеў шалёны рэў сланоў, быццам бойка зноў пачыналася. Увесь горад быў ахоплен вялікай трывогай.

Карфагеняне і не падумалі праследваць варвараў. Яны размясціліся пад гарадскімі сценамі, з усімі пажыткамі, слугамі, з усёй раскошаю, як належыць сатрапам; яны асалоджваліся ў сваіх прыгожых палатках, абшытых перламі, у той час, як лягер наёмнікаў станавіў сабой толькі купу руін. У Спендзія ўзнялася бадзёрасць. Ён адправіў Зарксаса да Мато, абышоў гаі, сабраў людзей (страты былі нязначныя), — і абураныя перамогай без бою варвары зноў згуртавалі свае рады. Тут-жа на полі бітвы быў знайдзены чан з нафтай, забыты, як відаць, карфагенянамі. Тады Спендзі загадаў узяць усіх свіней з бліжэйшых памесцяў, абмазаў іх нафтай, запаліў і пагнаў на Уціку.

Перапалоханыя гэтым полымем, сланы пабеглі. Мясцовасць тут стромка ўзнімалася. Воіны пачалі кідаць у іх дроцікі, — яны павярнулі назад, на лагер спакойна баляваўшых карфагенян; і страшнымі ўдарамі клыкоў сланы разрывалі саміх-жа салдатаў, душылі і расплюшчвалі іх пад нагамі. За імі спускаліся з узгоркаў атрады варвараў. Пунічны лагер, неабаронены нават акопамі, быў знішчаны з першага націску, і карфагеняне апынуліся прыціснутымі да гарадской брамы, бо гараджане не хацелі адчыняць яе са страху перад наёмнікамі.

Дзень наступаў; з захаду падышла пяхота Мато. Адначасова паказаліся коннікі — гэта быў Нар-Гавас са сваімі нумідзійцамі. Пераскокваючы праз равы і зараснікі хмызнякоў, яны гналіся за ўцекачамі, як харты за зайцамі.

Спакой суфета быў парушаны ў час ядзення іменна гэтай зменай ваеннага шчасця.

Калі надышоў вечар, Ганон з усёй сваёй аховай знік з горада і паехаў у горы, каб нагнаць сваё войска.