Ён знайшоў толькі мізэрныя рэшткі.
Ганон так стаміўся і так упаў у роспач, — асабліва прыгнечвала яго страта сланёў, — што пачаў прасіць атруты, каб скончыць самагубствам. Апрача таго ён ужо загадзя адчуваў, як яго крыжуюць.
Але Карфаген нават меў сілы абурыцца супроць яго. Усе былі прыдушаны незлічонымі стратамі — людзьмі, харчаваннем, грашыма, — гібеллю восемнаццаці сланоў і ўсіх баявых машын. Затым несумненнай зрабілася здрада Нар-Гаваса; аблога абодвух гарадоў аднавілася. Войска Аўтарыта расцягнулася цяпер ад Туніса да Радэса. З вышыні Акропаля відаць былі палосы дыму на гарызонце, якія ўзнімаліся да неба: гэта гарэлі палацы ў памесцях багатых.
Адзін толькі чалавек мог выратаваць рэспубліку.
Цяпер усе каяліся, што мала цанілі яго, і нават ворагі пачалі прыносіць ахвяры багам, просячы аб звароце Гамількара.
РАЗДЗЕЛ VІ
Гамількар Барка
Звястун месяца, які ўсё ночы праводзіў на вышцы храма Эшмуна і трубнымі гукамі абвяшчаў аб руху свяціла, заўважыў аднойчы раніцай на захадзе нешта падобнае да птушкі; яно нібы ляцела над морам, закранаючы даўгімі крыламі яго паверню.
Гэта быў карабель з трыма радамі вёслаў; перад яго быў аздоблены разной фігурай каня з галавой са сланёвай касці; высока ўскінуўшы пярэднія ногі, ён, здавалася, ляцеў па раўніне мора. Сонца ўзыходзіла; звястун месяца, засланяючы вочы рукой, угледзіўся; потым схапіў абодвума рукамі трубу, — і па ўсім Карфагене разнёсся гучны крык бронзы.
З дамоў павыбеглі людзі; ніхто не хацеў верыць весткам, пачаліся спрэчкі; мол быў пакрыты натоўпам. Нарэшце, пазналі трырэму Гамількара.
Побач са стырнікам стаяў чалавек з непакрытай галавой; гэта быў ён, суфет Гамількар. Ён насіў вакол паясніцы броню з бліскучых жалезных пласцінак; чырвоны плашч, накінуты на плечы, адкрываў яго рукі; два вельмі даўгія перлы віселі ў вушах, і ён апусціў на грудзі сваю чорную курчавую бараду.