Колючы канцамі пік морды коням, грэкі перакінулі іх на седакоў. Варвары ўварваліся ў рады пяхоты і скамячылі іх; секлі з пляча, спатыкаючыся аб целы забітых і паміраючых, аслепленыя пырскаўшай іх у твар крывёю. Купа пік, касак, панцыроў, мечаў і сплеценых цел круцілася на месцы і, гнуткімі рухамі, то рассоўвалася, то сціскалася цясней. Карфагенскія кагорты ўсё больш і больш радзелі. Насілкі суфета, якія з самага пачатку бою калыхаліся сярод воінаў, як карабель на хвалях, раптам зніклі, быццам праваліліся ў бяздонне.
Варвары засталіся адны.
Пыл навокал іх пачаў рассейвацца, яны ўжо пачалі спяваць песню перамогі, калі сам Ганон з’явіўся перад імі на спіне слана. Ён трэс велізарнай пікай з расшыраным канцом, які быў падобны да пялёсткі лотаса і блішчэў, як люстра. І ў тую-ж хвіліну зямля скалыхнулася; варвары ўбачылі, як на іх накіраваліся, выцягнуўшыся ў адзін доўгі рад, усе сланы Карфагена, з пазалочанымі клыкамі, афарбаванымі сіняй фарбай вушамі, у панцырах з бронзы; яны трэслі ўмацаванымі зверху папон скуранымі вежамі, дзе сядзелі лучнікі па трох у кожнай, трымаючы велізарны нацягнуты лук.
Салдаты ледзь маглі трымаць зброю ў руках: яны абы-як пастроіліся. Іх ахапіў жах; яны замерлі ў нерашучасці.
З вежаў у іх ужо ляцелі пікі, стрэлы, вогненыя знарады, кавалкі свінца. Сланы несліся скрозь фалангі, як вяпрукі праз травяныя зараснікі, хобатамі вырывалі калы і падпоркі, прабеглі ўвесь лагер з канца ў канец, пераварочваючы грудзямі палаткі; варвары ўсе як адзін разбегліся. Яны схаваліся на ўзгорках, што абкружалі даліну, па якой прышлі карфагеняне.
Ганон-пераможца з’явіўся перад брамай Уцікі. Ён загадаў трубіць у рог. Тры суддзі горада паказаліся на вежы паміж зубцамі байніц.
Але жыхары Уцікі зусім не хацелі прымаць у сябе так добра ўзброеных гасцей. Ганон абурыўся. Нарэшце яны згадзіліся прыняць яго з маленькім атрадам.
Вуліцы былі вельмі вузкімі для сланоў. Прышлося пакінуць іх знадворку.
Ледзь суфет апынуўся ў горадзе, прадстаўнікі ўлады з’явіліся з прывітаннямі. Ён загадаў адвесці сябе ў лазню і патрабаваў сваіх кухароў.