Галера, калыхаючыся сярод скал, паплыла ўздоўж самага мола, натоўп бег за ёй побач, па каменнай кладцы і крычаў:
— Прывітанне табе! Будзь благаслаўлёны! Выратуй нас, Ока Камона! Ва ўсім вінаваты багатыя. Яны хочуць цябе змярцвіць. Сцеражыся, Барка!
Ваенны порт, куды ўвайшла трырэма Гамількара, быў зусім аддзелены ад гораду. Велізарны басэйн, круглы як чаша, быў абкружаны надбярэжжам, на якім былі пабудаваны павеці для караблёў. Перад кожным з іх стаялі дзве калюмны з рагамі Амона на капітэлях; такім чынам, увесь басейн быў абкружаны радам порцікаў.
Пасярэдзіне, на востраўку, стаяў дом для морскага суфета.
Ніхто, апрача яго, не мог увайсці ў адміральскі дом. Пакуль не было несумненных доказаў яго смерці, усё заставалася так, як калі-б ён яшчэ жыў. Старэйшыны, такім чынам, збаўляліся ад лішняй улады; у адносінах да Гамількара яны таксама не адсупалі ад старога звычаю.
Увесь дзень прабыў Гамількар у сваім доме. Ад сваіх прыхільнікаў, наведваўшых яго, ён даведаўся аб усім, што здарылася за час яго адсутнасці: аб скупасці старэйшын і разрыве з наёмнікамі, аб крадзежы заімфа, аб тым, як захапілі Гіскона, і, нарэшце, аб перамозе Ганона пера брамою Уцікі; але ніхто не адважыўся сказаць яму аб тым, што датычыла яго самога, аб балі і буянстве наёмнікаў.
Позна ўвечары ён вышаў адзін, пехатою і без дружыны, накіроўваючыся на сход старэйшын у храм Малоха. Сходы старэйшын, калі яны склікаліся пры незвычайных абставінах, заўсёды былі сакрэтнымі, і на іх збіраліся, акружаючы сябе велізарнай таямнічасцю.
Храм Малаха быў пабудаваны ў змрочнай мясцовасці, у глыбіні стромкай цясніны. Знізу былі відаць толькі бясконца высокія сцены, быццам сцены сумнага надгробка.
На каменных плітах, якімі быў выбрукаваны двор храма, нібы сфінксы сядзелі велізарныя ільвы, — жывыя сімвалы ўсепажыраючага сонца. Яны драмалі, паўзаплюшчыўшы вочы. Але абуджаныя шумам крокаў і галасамі, яны ляніва ўставалі, падыходзілі да старэйшын, пазнаўшы іх па вопратцы, і церліся аб іх ногі, выгінаючы спіны і гучна пазяхаючы; пры святле факелаў быў відаць пар іх дыхання.