Ён цяжка ўздыхаў. Клаўся ніцма; учапляўся пазногцямі ў зямлю і плакаў; адчуваў сябе нешчаслівым, нікчэмным, закінутым. Ніколі Саламбо не будзе яго. Ён нават горадам аўладаць не можа.
Іншы раз сярод ночы, тамлючыся нудой, ён зрываўся раптам з месца; пераступіўшы праз салдатаў, якія спалі захінуўшыся ў плашчы, ускокваў на каня і гадзіны праз дзве быў ужо ва Уціцы, у палатцы Спендзі.
Спачатку ён гаварыў пра аблогу; але ён прыходзіў толькі затым, каб рассеяць свой смутак і аслабіць свой боль гутаркамі аб Саламбо; — Спендзі яго супакойваў, раючы быць разважным.
Спендзі будаваў супроць Уцікі даўгую чатырохкутную пляцоўку. Але па меры таго, як яна ўзнімалася, вырасталі таксама і ўмацаванні ў гарадах. Спендзі шанаваў сваіх салдатаў і абмяркоўваў новыя хітрыкі, стараючыся прыпомніць усе тыя лоўкія ваенныя прыёмы, пра якія ён чуў у часе яго доўгіх бадзянняў.
Але чаму не варочаўся Нар-Гавас? Усе гэтым вельмі трывожыліся.
Ганон скончыў сваю падрыхтоўку. У цёмную ноч ён на плытах пераправіў сланоў і салдатаў прз Карфагенскую затоку. Абышоўшы бокам войска Аўтарыта, ён падышоў да лагера Спендзі перад Уцікай. Варвары спалі яшчэ ў палатках, калі раптам з-за ўзгоркаў паказалася карфагенскае войска.
Гвардыя легіёнераў у залатых лускаватых панцырах складала першую лінію; ззаду рухаліся даўгія пікі цяжкай пяхоты. Усе гэтыя гандляры панавешвалі на сябе, колькі было магчыма, зброі; былі сярод іх такія, што неслі і піку, і сякеру, і паліцу і яшчэ па два мечы за раз; іншыя, як іглакі, ашчацініліся дроцікамі, а рукі іх не зыходзіліся над панцырам з раговых пласцінак ці жалезнай бляхі.
Карфагеняне так нязграбна перасоўваліся, што варвары насміхаліся над імі, прапануючы ім прысесці і адпачыць. Салдаты крычалі, што выпатрашаць ім хутка іх тоўстае бруха, сатруць пазалоту з іх скуры і напояць жалезам.
На верхавіне мачты, якая знаходзілася перад палаткай Спендзія, паказалася палоска зялёнай тканіны: гэта быў сігнал. Карфагенскае войска адказала аглушлівым рэвам труб, кімбалаў, флейт з аслінай косці і гусляў.
Войскі змяшаліся.