ловы нумідзійцаў, цесным колам абкружыўшых рэшткі наёмнікаў, вярцёлкі, шпікавальныя іголкі, малаткі, усякія колючыя і рэжучыя хатнія рэчы; і воіны, перад якімі дрыжэлі нядаўна рымскія консулы, гінулі цяпер пад палкамі, кінутымі жанчынамі; карфагенская чэрнь пабівала наёмнікаў.
Карфагеняне коўзаліся ў крыві; схіл узгоркаў быў такі стромкі, што трупы забітых скочваліся ўніз. Слон, спрабуючы ўзыйсці на яго, крочыў па мёртвых целах, да самага бруха пагразаючы ў іх гурбе; здавалася, што ён з асалодай топчыцца ў іх; і яго пакарочаны хобат, шырокі на канцы, кожны момант працягваўся ўверх, як велізарная чорная п’яўка.
Потым усё спынілася. Скрыгочачы ад ярасці зубамі, карфагеняне глядзелі на верхавіну ўзгорку, дзе яшчэ стойка трымаліся варвары; нарэшце, адразу кінуліся наперад і сутычка ўзнавілася.
Часамі наёмнікі падпушчалі іх блізка да сябе, крычучы, што здаюцца; потым, з жахлівым рогатам раптам забівалі адзін аднаго; калі мёртвыя падалі, жывыя, абараняючыся, станавіліся на іх. Стварылася піраміда, якая паступова ўсё больш і больш вырастала.
Хутка іх засталося ўсяго пяцьдзесят, потым — толькі дваццаць, потым — тры і, нарэшце — толькі двое: самніт, узброены сякерай, і Мато, у якога быў яшчэ цэлы яго меч.
Прысеўшы на карачкі, самніт па чарзе рубіў сякерай, то ўправа, то ўлева і ў той-жа час папярэджваў Мато аб ударах, пагражаючых яму.
— З гэтага боку, начальнік, і сюды! Нахіліся!
Мато страціў ужо і наплечнікі, і шалом, і свой панцыр; ён быў голы, збялеў, як мярцвяк, валасы сталі торчма, пена выступіла ў кутках рота; меч яго так хутка круціўся, што зіхацеў арэолам навокал яго галавы. Раптам, кінуты камень раздробніў яму меч ля самай рукаяткі; самніт быў забіты і паток карфагенян сціскаўся ўсё цясней; яны ўжо краналіся яго. Тады ён паднёс да неба свае абязброенныя рукі, заплюшчыў вочы і, працягнуўшы рукі, як чалавек, што кідаецца ў мора са скалы, — кінуўся на пікі.
Пікі ім адхіліліся. Некалькі разоў кідаўся ён на карфагенян. І кожны раз яны адступалі, адхіляючы зброю.
Нагой ён закрануў чыйсці кінуты меч. Мато нахіліўся, каб