якое вырывалася ў яго, было больш падобна да гнеўнага рэву; што-ж да Спендзія, дык надзвычайная адважнасць з’явілася ў яго; ён адчуваў цяпер пагарду да жыцця, упэўнены ў блізкім і вечным вызваленні, і раўнадушна чакаў смерці.
Часамі з глыбокага адранцвення, аўладаўшага імі, іх выводзіла лёгкае дакрананне пер’яў, якое прымушала іх устрапыхнуцца. Велізарныя крыллі пакрывалі іх хістальнымі ценямі, паветра агалашалася краканнем; а з прычыны таго, што крыж Спендзі быў вышэйшы ад усіх астатніх, дык на яго і спусціўся першы ястраб. Тады ён павярнуўся тварам да Аўтарыта і павольна з неапісанай усмешкай прагаварыў яму:
— Ты памятаеш львоў па дарозе ў Сіку?
— Гэта былі нашы браты, — адказаў гал, згасаючы.
∗
∗ ∗ |
Гамількар тымчасам прабіўся праз старыя, паўзруйнаваныя сцены Туніса і аўладаў горадам.
Варвары размясціліся на раўніне перад горадам, так што Карфаген быў ім бачны.
У Мато засталося яшчэ тры тысячы афрыканцаў, тысяча дзвесце грэкаў, паўтары тысячы ўраджэнцаў Кампаніі, дзвесце іберыйцаў, чатырыста этрускаў, пяцьсот самнітаў, сорак галаў і атрад нафураў, вандроўных разбойнікаў, якія далучыліся да яго ў часе бадзянняў на краіне фінікавых пальм; усяго было сем тысяч дзвесце дзевятнаццаць воінаў, але ніводнай цэлай сінтагмы. Дзіркі ў паламаных узбраеннях яны заткнулі лапаткамі забітай жывёлы, а бронзавыя катурны замянілі сандалямі з нейкага рыззя. Іх кальчугі віселі ў клоччах і скрозь іх выступалі рубцы старых і, як чырвоныя ніці, цягнуліся на валасатых руках і на абветраных тварах.
Мато пастроіў варвараў у шэсць роўных радоў. У сярэдзіну паставіў этрускаў, скаваных бронзавым ланцугом; за імі стаялі стралкі, а на флангах нафуры, конна на кароткапоўсных вярблюдах, упрыгожаных пер’ямі стравусаў.
У падобным-жа парадку і суфет размясціў сваё войска. У яго было звыш чатырнаццаці тысяч салдатаў, — роўна ў два разы больш чым у войску наёмнікаў.
Спачутку павольна, потым усё паскараючы свой крок, абодвы войскі пачалі зыходзіцца. І раптам пачуўся страшэнны