і ўсе свае амулеты; з’явіліся ідалы, ужо даўно забытыя народам; нават з караблёў знялі містычныя фігуры, як быццам Карфаген увесь цалкам меў адну толькі думку аб смерці і жалю.
Бронзавы статуй працягваў прасоўвацца да пляца Камона. Багатыя, трымаючы ў руках скупетры са смарагдавымі галоўкамі, выступілі з нетраў Мегары; старэйшыны з вянкамі на галовах сабраліся ў Кініздо; а кіраўнікі фінансаў, губернатары правінцый, гандляры, воіны, матросы і шматлікі натоўп людзей, якія звычайна наймаюцца на пахаванні, усе з адзнакамі сваіх пасад ці інструмантамі свайго рамяства, накіроўваліся да скіній, якія спускаліся з Акропаля, абкружаныя саслоўем жрацоў.
У гонар Малоха ўсе надзелі самыя лепшыя каштоўнасці. Але дыяманты зіхацелі на чорных вопратках і нішто не магло-б быць болыш змрочным, чым гэты маўклівы натоўп людзей, у якіх завушніцы віселі на пабялеўшых шчаках, а залатыя тыяры сцягвалі ілбы, нахмураныя ў жорсткай роспачы.
Нарэшце Ваал прыбыў якраз на сярэдзіну пляца. Жрацы яго зрабілі з кратаў агарожу, каб адстараніць натоўп, а самі засталіся ля ног, размясціўшыся вакол ідала. А на пляцу паасобнымі групамі размясціліся і жрацы і жрыцы іншых храмаў.
Ад часу да часу падыходзілі рады зусім голых людзей, шырока расставіўшых рукі і трымаўшых адзін аднаго за плечы. Глухія і хрыплыя гукі вырываліся з самай глыбіні іх грудзей, вочы, накіраваныя на коласа, блішчэлі ў пыле, і праз роўныя прамежкі яны ў адзін і той-жа час раскачваліся, быццам іх хто штурхаў усіх разам. Яны былі ў такім шаленстве, што для ўстанаўлення парадкаў служыльнікі храма палкамі прымушалі іх легчы на зямлю ніцма, тварам да кратаў з бронзы.
Тым часам паміж нагамі коласа разгаралася вогнішча з алоэ, кедру і лаўру. Даўгія крылы канцамі краналіся полымя; пахнючыя мазі, якімі яго нацерлі, цеклі, быццам кроплі поту, па бронзавых членах. Навокал круглай пліты, на якую ён абапіраўся нагамі, дзеці, захутаныя чорнымі пакрываламі, самкнуліся нерухомым колам; непамерна даўгія рукі Малоха працягнуліся далонямі да іх, быццам збіраючыся схапіць гэты вянок і завесці яго на неба.
Багатыя старэйшыны, жанчыны, увесь шматгаловы натоўп згуртаваўся за жрацамі і на тарасах дамоў. Вялікія размаляваныя зоркі перасталі кружыцца; скініі былі пастаўлены на зямля;