Раб, які даўно ўжо не еў, накінуўся на ежу; і слёзы яго капалі проста на страву.
Позна ўначы, Гамількар, бясшумна ступаючы, варочаўся да сябе, намацваючы ў цемры сцены і ўвайшоў у велізарную залю, куды месячнае святло пранікала праз шчыліны у кумпале; пасярэдзіне, ва ўвесь рост расцягнуўшыся на мармуровых плітах, сыты, спаў, раб.
Гамількар паглядзеў на яго і нешта накшталт жалю заварушылася ў ім. Кончыкам катурны ён падсунуў яму дыван пад галаву. Потым падняў вочы і паглядзеў на Таніту, вузкі серп якой зіхацеў на небе; ён адчуў сябе мацнейшым за Ваалаў і нават пагарду да іх. Так лёгка ўдалося яму перахітрыць багоў.
∗
∗ ∗ |
Ужо распачата была падрыхтоўка да ахвярвання.
У храме Малоха разабралі з аднаго боку сцяну, каб выцягнуць велізарнага бронзавага ідала. І калі сонца ўзышло, служыльнікі храма пачалі перасоўваць ідала на пляц Камона.
Ідал, коўзаючыся на катках, перасоўваўся, пяцячыся назад; плечы яго былі вышэй дамоў; здалёк ўбачыўшы яго, карфагеняне хутка ўцякалі, бо нельга было беспакарна глядзець на Ваала.
Па вуліцах разнесліся хвалі пахнючасцяй. Усе храмы адчыніліся адразу; з іх выступілі працэсіі са скініямі на калёсах ці на насілках, якія неслі жрацы. Вялікія султаны з пер’яў развяваліся на іх вуглах; снапы бліскучых праменняў рассыпаліся ад крышталевых, залатых, срэбных ці мядзяных куль на іх востраканцоўных покрыўках.
Богі-Патэкі на руках жрацоў здаваліся вялікімі спавітымі дзецьмі, пяткі якіх краналіся з зямлі.
Потым ішлі ўсе падначаленыя формы боства: Ваал-Самін, бог нябесных прастораў; Ваал-Пэор, бог свяшчэнных вышынь, і ўсе багі суседніх краін і сваяцкіх народаў. На высокіх палках калыхаліся зоркі з метала, афарбаванага ў розныя колеры. Тут былі усе свяцілы нябеснага зводу, пачынаючы з Чорнага неба, духу Мэркурыя, да агіднага Рагаба, увасабляючага сузор’е Кракадзіла. Абадзіры, каменні, якія зваліліся з месяца, кружыліся ў прашчах са срэбных ніцяй, жрацы неслі свае фетышы