Перайсці да зместу

Старонка:Лясьнікова сена (1932).pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ларускіх сямеяк гораду Дзьвінску, у шэрагі ўцекачоў[1]. Пасьля доўгіх вандраваньняў сямейка асела на Украйне, у горадзе Харкаве, і тутака Віктар Вальтар пачаў адведваць Харкаўскае рэальнае вучылішча. У 1921 годзе Вальтары зьвярнуліся назад у Дзьвінск. Беларускае сярэдняе школы ў Дзьвінску пад той час яшчэ ня было, а таму В. Вальтар паступае ў 10-ю клясу (ці па сучаснаму ў апошнюю 4-ю клясу) Дзьвінскай мястовай расейскай сярэдняй школы, якую на круглых пяцёрках і сканчае ў чэрвені 1922 году. Адначасна, пачынаючы з студзеня 1922 году, ён адведвае Беларускія Дзяржаўныя Аднагадовыя Настаўніцкія курсы ў Дзьвінску, якія і сканчае у жніўню таго ж 1922 году. У тую-ж восень 1922 году В. Вальтар трапляе ў лік беларускіх стыпэндзіятаў у Прагу, дзе паступае на землямерны факультэт Чэскага Вышэйшага Тэхнікуму. Цяжкі клімат Прагі, фабрычны дым, што вісіць над гэтым горадам, а таксама матар‘яльныя недахопы, зрабілі сваю справу — праз тры гады малады студэнт, ня скончыўшы вучэньня, павінен быў зьвярнуцца на Бацькаўшчыну ў Дзьвінск і заняцца лячэньнем, бо набыў у Празе сухоты.

З 1926 году В. Вальтар працуе ў беларускіх школах Латвіі, спачатку у Плейках Пустынскае воласьці, затым у Дзьвінску ў мястовай беларускай школе, потым у Рызе ў дадатковай беларускай вячэрняй школе, якою кіруе некалькі месяцаў у 1930 годзе і, нарэшце, зноў выяжджае на вёску у Келаўскую школу.

За час гэтае працы па школах хвароба рабіла сваю справу і ўсё больш разьвівалася. Цяжка было хвораму настаўніку працаваць у прымітыўных умовах беларускае вясковае школы, маленькае памешканьне, духата, вентыляваць памешканьне можна толькі праз адчыняньне дзьвярэй, а тады прастуджваюцца ногі, дык ня дзіва, што ўжо хутка мы бачым В. Вальтара ў вучыцельскай санаторыі ў Інчукалне. Троху падмацаваўшы сваё здароўе, В. Вальтар перабіраецца на працу ў горад, але тут аказалася працаваць яшчэ цяжэй, асабліва адбілася на ягоным здароў‘і праца ў 1930 годзе у Рыскай вячэрняй дадатковай школе, якая, можна сказаць, і зламіла яго канчаткова. Выезд на вёску ужо не ўратаваў В. Вальтара, і праз некалькі месяцаў яго ня стала.

З творчасьцьцю В. Вальтара беларускае грамадзтва знаёма мала, бо спыненьне Рыскай беларускай газеты „Голас Беларуса“, у якой ён пачаў друкавацца з 1925 году, не давала яму магчымасьці выпускаць свае творы ў Латвіі, а Заходня-беларускія выдавецтвы заваленыя працамі сваіх пісьменьнікаў і дужа абмяжованыя ў сваіх грашовых магчымасьцях, не маглі зьвярнуць належнае ўвагі на маладога беларускага пісьменьніка з Латвіі. Таму большасьць ягоных твораў асталіся ненадрукаванымі аж да гэтага часу.

  1. У Дзьвінску перад вайной было 110.000 жыхароў, а пасьля вайны у 1919-20 годзе ледзь-ледзь налічвалася 30.000 чалавек. Такім чынам 80.000 чалавек, або 72% усяго жыхарства гораду, апынуліся на чужыне, у якасьці уцекачоў, самахоць ці пад прымусам расейскае улады высяленых з Дзьвінску.