Перайсці да зместу

Старонка:Лясьнікова сена (1932).pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

„A! — так вы так! Знача, казёнае сена красьці!? Ды вы ведаеце, што вам за гэта будзе?“

„Пан майстар!“ — кажа старавер, паказываючы на мяне: — Гэта ня я, гэта — ён!

„А! — так гэта ты, злодзей! Сёньня сена ўкраў, а заўтра каня ў мяне ўкрадзеш!“

Мяне забрала злосьць. Я ня мог выцярпець асабліва таго, што фурман мог сказаць такую брахню. Фактычна навошта мне сена, калі ў мяне ні каня няма, нічога. Калі-б мяне мой фурман папярэдзіў, што гэта сена казённае, ды калі-б ён сам ня браў яго, дык я ніколі-б і не падумаў аб гэтым сене. Заместа таго, каб адразу апраўдывацца, я проста пачаў грубіяніць майстру.

„Прашу не крычэць!“ — сказаў я: — „Я не такіх бачыў, як вы, ды й то!…“

„А, то ты так! — Камуніст, сукін сын!“ — крыкнуў ён на мяне.

Мяне быццам выцялі кнутом па твары. Так вось куды справа зайшла з-за простае ахапкі сена! Я зразумеў у адну мінуту сваё становішча. Усе прысутныя былі проціў мяне.

Фурман, я цяпер толькі дагадаўся, шопатамі нагаварываў лясьніку аб тым, што бачыў мяне каля мяжы і што я, пэўна-ж, камуністы. Ен выгарадзіў гэтым сябе са справы з сенам. Уся сіла абвінавачаньня падала на мяне. А дакумэнтаў у мяне ня было ніякіх, апрача некалькіх літоўскіх пасьведчаньняў. Чым я мог давесьці гэтым людзям, што я не камуністы.

І насколькі я раней сьмяяўся з усяго гэтага, як з вясёлага здарэньня пасьля пераходу граніцы, настолькі я цяпер зразумеў усю сур‘ёзнасьць свайго становішча. Сэрца маё ўпала. „Вось і перайшоў граніцу!“ — мільганула іскрай у маім мазгу. А воддаль так прывабна, так прыгожа паднімаліся будынкі і блішчэлі царквы даўно чаканага Дзьвінску.

Я замаўчаў. Я кінуў некалькі поглядаў на жонку майстра і на яго дзяцей і мне чамусьці падумалася: „Вось жа, які зусім мірны здаецца, чалавек, і жонка, і дзеці, а не глядзі! так і хоча другога ўтапіць“. Зноў успаміналася лацінская пагаворка: „Чалавек чалавеку — воўк ёсьць“.

Лясьнікова-ж жонка стаяла нахмурыўшы чало і здаецца гатова была мяне пабіць.

Адвясьці яго ў паліцыю!“ — загадаў майстра.

„Трэба яго зьвязаць, а то ўцячэ, сукін сын!“ — сказаў мой фурман. Ен цяпер стараўся быць паслушным і, ад радасьці, што запамяталі пра яго злачынства, стараўся нават папярэдзіць усіх. Ен парыўся ў сваіх калёсах, але, на маё шчасьце, вяроўкі не знайшоў.

Ня ведаю, ці майстра не хацеў ісьці сам да хаты, ці спадзяваўся, што я і так не ўцяку, толькі ён загадаў: „Ды вязеце так! Годзе вам вазіцца з ім. Хутчэй, а то ўжо вечар!“

Худы лясьнік і барадаты старавер селі ў калёсы, пасадзіўшы мяне паміж сябе, і мы ўва ўвесь пыл паляцелі па гасьцінцу. Май-