Перайсці да зместу

Старонка:Лявон Бушмар (1930).pdf/95

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Калісьці, у зусім яшчэ маладыя гады, калі ён быў удалым цымбалістым, яна была сарамяжаю і ціхаю. Першыя спатканьні яшчэ й цяпер хвалявалі яго. Колькі разоў ён, жывучы з ёю, успамінаў ёй той час. Яна глядзела ў адно месца, кудысьці скрозь усё, што было перад вачыма, далей за ўсё, і надоўга клала на твар лятуценную ўсьмешку…

— Памятаеш, як ты да мяне бегла тады праз поплаў, уцякаючы ад канпані?

Яна пераводзіла вочы на яго, не зганяючы з твару тае прывабнае заўсёды дзеля яго ўсьмешкі.

— А я крычаў табе — «хутчэй, хутчэй, дагоняць!» Памятаеш?

Можа ад яго цяперашняга пільнага зірку яна ўзьнімае на яго вочы. Штосьці гэтакае нечаканае ўзьбягае на яе думкі, робіць няцікаваю работу. Яна нават крыху адкідае ад сябе сфастрыгаваную з палатном кудзелю і апускае вочы на стол. Думае. Настрой гэты перадаецца і Амілі. Утраіх яны маўчаць. Думкі, ці то лятуценьні, пануюць у іх. Думкі — як бяздумнасьць. Гэтак доўга. Над дзьвярыма ледзьве жыве няроўным стукам сваім старасьвецкі, можа дзедаўскі яшчэ, гадзіньнік. Раптам пачынае плакаць меншы Амілін сын. Аміля кідаецца да калыскі закалыхваць яго. Зноў калыханка льлецца за вокны, а там яе падхватваюць дубы і пераносяць у сваю гушчырню. Там яна тане ў роўнай песьні ветру. Вецер ідзе ў сваю дарогу.

Даўнейшыя Андрэевы цымбалы вісяць у каморы насупроць вакенца бяз шкла. Ветру, калі ён з гэтага