Перайсці да зместу

Старонка:Лявон Бушмар (1930).pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Страшная штука робіцца. Усё к чортавай матары пойдзе. Гады, запанаваць хочуць… Будзе табе яшчэ ня гэта. Яшчэ й хату адбяруць у цябе, і самога з торбаю па сьвеце пусьцяць, калі самому не ратавацца…

— Што? — гукнуў з усіх жыл Бушмар.

А той, як-бы наўмысьля прышоў сюды, каб памучыць:

— І ўсім нам тое самае будзе, калі, я-ж кажу, не ратавацца.

Тут ён змоўк і ўздыхнуў. Бушмар, каб прымеў, дык увагнаў-бы тут яго на месцы ў зямлю. Вінцэнты яшчэ трохі памучыў:

— Гэта можна было адразу бачыць, што гэта будзе…

— Што!? — нема раўнуў Бушмар.

І ўжо тут Вінцэнты як мае быць дайшоў да справы:

— Усё пойдзе нанава. Гэта, што яны там панастаўлялі тычак і слупоў, дык увосень усё параскідаюць самі-ж. Гэтыя новыя межы на знос пойдуць. І гэта, што падзялілі гэтыя дзялянкі, што адхапілі ад хутароў (і твае тут дабро запала), — усё ў адзін кацёл пойдзе. Усё, як ёсьць! Нават больш яшчэ ад хутароў адхопяць, нават зусім некаторых пазганяюць з месц сваіх — няма табе, кажа ні хаткі, ні градкі. Народ можа паддавацца ня будзе, але гэта… займі чорта ад варот, дык ён цераз плот! Ён цябе пройме навылёт, а свайго дойдзе… Згоняць усіх разам, выдзеляць табе, каб з голаду ўздоўж лавы лытак ня стуліў, а рэшту спажыве той, хто будзе на чыёй шыі сядзець.